Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Кіраўнік турфірмы “Сакуб” Сяргей Букас: афіцыйныя зьвесткі аб колькасьці беларусаў у зоне цунамі — недакладныя і заніжаныя


Ігар Карней, Менск У той час, як Міністэрства замежных справаў Беларусі мае зьвесткі толькі пра два дзясяткі беларускіх турыстаў, якія адпачывалі ў пацярпелых ад магутнага цунамі краінах Паўдзённа-Ўсходняй Азіі, прадстаўнікі турыстычных фірмаў называюць зусім іншыя лічбы. Некаторыя нават кажуць пра тысячы беларусаў, якія гэтым часам выправіліся ў Тайлянд, Шры-Лянку і на некаторыя інданэзійскія выспы.

Прадстаўнікі турыстычных кампаніяў канстатуюць: яшчэ нядаўна адзінкавыя падарожжы ў паўдзённа-ўсходні рэгіён перастаюць быць экзотыкай і набываюць сталы характар. Мэнэджэр кампаніі “Тусон-Ваяж” Валеры Грык’ян пры гэтым дадае, што дагэтуль рэгіён лічыўся прадказальным у сэнсе прыродных катаклізмаў.

(Грык’ян: ) “Вельмі рэдка здараецца такое. Я б сказаў, што гэта надзвычайная зьява”.

(Карэспандэнт: ) “Наколькі запатрабаваныя такія туры сярод беларусаў?”

(Грык’ян: ) “Шры-Лянка, Мальдывы — гэта, безумоўна, адзінкавыя замовы. А Тайлянд нашыя людзі наведваюць ня тое каб масава, але досыць актыўна. Там, на месцы, усё нашмат таньней, чым, прыкладам, у Эўропе. Асноўным складнікам ёсьць кошт авіяпералёту, таму туры і досыць дарагія. Адзін квіток на чалавека каштуе 500–600 даляраў”.

Кіраўнік фірмы “Сакуб” Сяргей Букас, працягваючы лёгіку спадара Грык’яна, лічыць зьвесткі беларускага МЗС аб колькасьці пацярпелых падчас магутнага цунамі моцна заніжанымі. Толькі “Сакуб” напярэдадні Новага году накіраваў у Тайлянд і на Шры-Лянку сотні беларусаў. Як сьцьвярджае спадар Букас, усе іхныя кліенты жывыя — прынамсі, з усімі наладжаная тэлефонная сувязь. Аднак ужо празь дзень-другі з тых краінаў могуць пайсьці зусім іншыя навіны — сумныя.

(Букас: ) “Тое, што піша цяпер наш МЗС — маўляў, 13 беларусаў пацярпела — трызьненьне такое, што больш не прыдумаеш. Тысяча трыста — яшчэ паверу”.

(Карэспандэнт: ) “Менавіта зь Беларусі?”

(Букас: ) “Канечне! Гэта ж самы разгар. Новы год — пік сэзону! Туды ад’яжджаюць, пачынаючы ад 24 сьнежня, тысячы чалавек, уключна і зь Беларусі… Тут яшчэ такі нюанс: з выспы Пхукета на выспы Пэпі і на Крабі ходзяць кожныя паўгадзіны паромы, туды экскурсіі возяць. Ад восьмай раніцы туды пайшло некалькі паромаў. А дзявятай усё пачалося. Таму палічыць страты і немагчыма”.

Сталічны прадпрымальнік Аляксандар Півавар — экспэрт у падобных падарожжах. У ягоным актыве адпачынкі ў Тайляндзе, на Шры-Лянцы і Балі. І трагедыю ў рэгіёне ўспрыняў, ён кажа, як асабістую.

(Півавар: ) “Накрыла мой любімы рэгіён — Інданэзію, Шры-Лянку, Тайлянд... Гэта незабыўныя краіны! І таму я веру “Сакубу”: не такі ўжо ў нас бедны народ, і што тычыцца асабліва Тайлянду, то ўсе туды імкнуцца на Новы год. Дарэчы, і на Мальдывах беларусы павінны быць. А Мальдывы — гэта ўвогуле выспа аднаго гатэлю, празь які хваля проста перакатваецца. Гэта ж, дарэчы, тычыцца і Інданэзіі. Таму і атрымліваецца такая страшная лічба загінулых... Па пляжы Патонг-Біч у Тайляндзе я гуляў больш за тыдзень. І калі хваля дайшла да другой лініі гатэляў, да вуліцы, можна толькі ўявіць, што гэта такое! Там перапад высотаў мінімум 15 мэтраў, і ўсё гэта накрыла вадой! Для тых, хто быў на пляжы, шанцы выжыць былі ў найлепшым выпадку пяцьдзясят на пяцьдзясят”.

Аляксандар Півавар перакананы, што ахвотных паехаць у той рэгіён меней ня будзе. Кажа, што і сам паляцеў бы, каб былі на руках квіткі. Аднак цалкам разбураную інфраструктуру давядзецца падымаць з руінаў яшчэ вельмі доўга.
XS
SM
MD
LG