Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Януковіч падае скаргу ў Вярхоўны суд


Валер Каліноўскі, Кіеў Паводле папярэдняй інфармацыі ЦВК Украіны, на выбарах прэзыдэнта выйграў лідэр апазыцыі Віктар Юшчанка. Але ягоны супернік вырашыў аспрэчыць вынікі выбараў, у чым сутнасьць ягоных прэтэнзіяў і як ацэньваюцца ягоныя шанцы ў Вярхоўным судзе?

Прадстаўнік Януковіча ў ЦВК Нестар Шуфрыч заявіў, што выбарчы штаб Віктара Януковіча сёньня падасьць У ЦВК скаргу на парушэньні пад час перагаласаваньня другога туру выбараў прэзыдэнта. Януковіч будзе прасіць ЦВК прызнаць, што галасаваньне 26 сьнежня было з сыстэмнымі парушэньнямі, якія не дазваляюць выявіць рэальную волю грамадзянаў. У выпадку нэгатыўнага рашэньня ЦВК каманда Януковіча будзе аспрэчваць яго ўжо ў Вярхоўным судзе. Віктар Януковіч не прызнаў свайго паражэньня, заявіўшы наступнае:

(Януковіч: ) “Я ніколі не прызнаю такой паразы, таму што былі парушаныя Канстытуцыя і правы чалавека ў нашай дзяржаве”.

У штабе Януковіча гавораць, што маюць сур’ёзныя доказы для таго, каб суд задаволіў іх скаргу. Як зазначыў старшыня ЦВК Яраслаў Давыдовіч, сутнасьць прэтэнзіяў Януковіча ў тых скаргах, якія ўжо былі пададзеныя ў ЦВК, палягае ў немагчымасьці галасаваньня для часткі людзей сталага ўзросту прагаласаваць на даму.

Паводле меркаваньня кіеўскага палітоляга Аляксандра Дзергачова, шанцаў у Вярхоўным судзе ў каманды Януковіча няма, як няма ў яго ўжо патрэбнага энтузіязму, рэсурсаў і дакладнага пляну дзеяньняў.

Іншы кіеўскі аналітык Валерый Астапчук, выкладчык кіеўскага ўнівэрсытэту імя Шаўчэнкі таксама мяркуе, што шанцаў у Януковіча ў судзе няма, бо не было сур’ёзных парушэньняў пад час галасаваньня 26 сьнежня, што прызналі і міжнародныя назіральнікі.
XS
SM
MD
LG