Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларускія палітыкі працягваюць камэнтаваць вынікі прэзыдэнцкіх выбараў ва Ўкраіне


Уладзімер Глод, Менск Зь імі размаўляў наш менскі карэспандэнт.

Намесьнік старшыні Аб’яднанай грамадзянскай партыі Аляксандар Дабравольскі перадусім зьвяртае ўвагу на нечаканасьць украінскага прэцэдэнту. Ён згадвае, што яшчэ паўгоду таму ўкраінскія палітолягі і экспэрты ня верылі, што ва Ўкраіне можа адбыцца штосьці падобнае на рэвалюцыю ружаў у Грузіі:

(Дабравольскі: ) “І мяне вельмі цешыць тое, што людзі ва Ўкраіне знайшлі ў сабе сілы, каб сказаць “не!” тым, хто ўвесь час хацеў іх падмануць. І таму, мне здаецца, вельмі важна, што такі прэцэдэнт створаны ня дзе-небудзь далёка ад нас, а побач, у суседняй братэрскай краіне, якая сапраўды можа даць нам вельмі добры прыклад, як трэба рабіць”.

Намесьнік старшыні камісіі ў справах міжнароднай дзейнасьці і СНД Палаты прадстаўнікоў Сяргей Касьцян упэўнены, што вынікі прэзыдэнцкіх выбараў ва Ўкраіне былі сплянаваныя загадзя, яшчэ да саміх выбараў:

(Касьцян: ) “Што тут думаць?! Гэтыя вынікі былі даўно падрыхтаваныя. Мабыць, былі і ўзгодненыя. Таму і камэнтаваць тут няма чаго”.

(Карэспандэнт: ) “А ўзгодненыя з кім?”

(Касьцян: ) “Ну... з тымі, хто адстойвае так званую дэмакратыю”.

Сакратар ЦК Партыі камуністаў Беларускай Алена Скрыган, якая ў складзе міжнародных назіральнікаў непасрэдна назірала за выбарамі ў Сумах, наадварот, упэўненая, што вынікі ўкраінскіх выбараў адпавядаюць волевыяўленьню ўкраінскіх грамадзянаў:

(Скрыган: ) “Людзі абаранялі свой выбар. Гэта выбар народу, і ён зрабіў яго так, як палічыў патрэбным. Мала сказаць, што выбарчае заканадаўства ва Ўкраіне зусім іншае. Працэдура галасаваньня, якую мы пабачылі, адрозьніваецца ад беларускай працэнтаў на 75. На выбарчых участках стаяць плястыкавыя скрыні, і калі нехта апускае бюлетэнь, то відаць, што туды падае толькі адзін бюлетэнь. Бюлетэні абавязкова з вадзянымі знакамі, а ня нейкая паперка. І калі мы расказвалі, якія ў Беларусі бюлетэні, то нам ня верылі й казалі: такога ня можа быць. Кожны бюлетэнь мае адрыўны талён, у якім расьпісваюцца сябар камісіі й выбаршчык. У сьпісах таксама яны расьпісваюцца. І можна параўнаць колькасьць адрыўных талёнаў і колькасьць бюлетэняў у скрынях, і ўсё робіцца зразумелым”.

Яшчэ адзін намесьнік старшыні камісіі ў справах міжнароднай дзейнасьці й СНД Палаты прадстаўнікоў Анатоль Красуцкі лічыць, што беларускія ўлады мусяць паважаць выбар суседняга народу, хаця парлямэнтар не выключае, што адносіны Беларусі і Ўкраіны могуць пагоршыцца:

(Красуцкі: ) “Канечне, вынікі выбараў сьведчаць пра выбар народу. Гэта трэба прызнаваць. Тут нікуды не дзенесься. Іншае пытаньне — выбары ва Ўкраіне прымушаюць задумацца пра нашыя далейшыя адносіны. Шчыра хачу спадзявацца, што ў эканамічнай сфэры ўзрушаньняў ня будзе, мы вельмі моцна супрацоўнічаем, хаця некаторая засьцярожанасьць ужо зьявілася, прыкладам, такога гіганта, як трактарны завод. Што тычыцца палітычных адносінаў, то, я думаю, што тут сытуацыя будзе больш складанай з улікам праграмных заяваў спадара Юшчанкі. І гэта патрэбна будзе ўлічваць у нашай замежнай палітыцы”.

Першы намесьнік старшыні Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі “Народная грамада” Ўладзімер Нісьцюк разважае пра магчымыя пэрспэктывы ўзаемадзеяньня Віктара Юшчанкі зь беларускай апазыцыяй. Спадар Нісьцюк акцэнтуе ўвагу на тым, што ў блёку Юшчанкі “Наша Ўкраіна” ўжо ёсьць сталы партнэр у Беларусі — Аб’яднаная грамадзянская партыя.

(Нісьцюк: ) “Таму я ня думаю, што цяпер, калі апазыцыя прыйшла да ўлады ва Ўкраіне, Юшчанка кінецца дапамагаць вельмі моцна беларускай апазыцыі. Ён будзе дапамагаць свайму партнэру, зь якім працаваў ужо не адзін год”.

Гл. таксама • Станіслаў Шушкевіч, Анатоль Лябедзька, Вінцук Вячора і іншыя палітыкі камэнтуюць перамогу Віктара Юшчанкі
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG