Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Праваслаўная царква рыхтуецца да сьвята Божага Нараджэньня


Галіна Абакунчык, Менск У пратэстанцкіх і каталіцкіх храмах Беларусі — калядны тыдзень, гэтымі днямі ў гонар Божага Нараджэньня тут праходзяць сьвяточныя імпрэзы і набажэнствы. Праваслаўная царква да ўрачыстасьці яшчэ толькі рыхтуецца: Катэдральны сабор завяршае рамонт, а вернікі трымаюць перадкалядны пост.

Галоўны каталіцкі храм — менскі Катэдральны касьцёл Панны Марыі — гэтымі днямі поўніцца сьвяточнымі каляднымі сьпевамі. Многія людзі прыходзяць сюды ня толькі на ўрачыстыя малебны, але прыводзяць дзяцей на экскурсію да ясьляў зь дзіцяткам-Езусам. У касьцёле хутка будзе ўсталяваны адзін з найвялікшых у Эўропе арганаў, таму цяпер тут рамонт і стаенка ўсталяваная ў двары.

(Карэспандэнтка: ) “Ведаеш, што ты бачыш перад сабою?”

(Хлопчык: ) “Гэта Божанька маленькі. Ён дае нам здароўе, ня крыўдзіць, і ён харошы”.

(Карэспандэнтка: ) “Як сьвяткуецца?”

(Спадарыня: ) “Дзякую, добра. Але мы праваслаўнай веры і сюды на экскурсію прыйшлі, бо ў царкве такога няма. Да сёмага чысла мы яшчэ будзем мець пост — пастараемся пратрымацца як-небудзь”.

У галоўным праваслаўным храме, Катэдральным Сьвята-Духавым саборы, таксама рамонт, які хутка закончыцца. Вернікі чакаюць завяршэньня перадкаляднага посту і таксама рыхтуюцца да сьвята.

(Карэспандэнтка: ) “Ці рыхтуецеся да сьвята?”

(Спадарыня: ) “Рыхтуюся, але не пашчу, бо хворая на дыябэт. Але духоўна рыхтуюся і лічу, што гэтае сьвята дарагое кожнаму чалавеку — і нам, беларусам, асабліва”.

Паводле супрацоўніцы царквы спадарыні Сафіі, перадкаляднымі днямі людзей у саборы значна больш. І гэта сьведчыць на большую прыхільнасьць людзей да веры.

(Сафія: ) “Ну, канечне, людзі прыходзяць: паток саракавуста ў нас павялічыўся, учора сабораваньне было — гэта такое сьвята ачышчэньня душы перад Калядамі. Усё ў нас было: і Чумакі, і Кашпіроўскія — людзі праз гэта прайшлі. А цяпер яны цягнуцца да чыстага, да царквы, і дзякуй Богу за гэта”.

А вось што ў інтэрвію нашаму радыё сказаў адзін са сьвятароў Сьвята-Духава сабору:

(Сьвятар: ) “Віншуем тых, хто сьвяткуе, а ў нас, у праваслаўных, яшчэ пост. І хацелася б пажадаць усім людзям шчасьця, здароўя, пазнаньня Ісьціны Божай, памагаць і любіць адзін другога, як навучаў Госпадзь Бог. Гэтага й вам жадаю”.
XS
SM
MD
LG