Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Старшыню Дзяржкамітэту авіяцыі Фёдара Іванова выпусьцілі з ізалятару пад хатні арышт


Алег Грузьдзіловіч, Менск Зьмененая мера стрыманьня для кіраўніка Дзяржаўнага камітэту авіяцыі Фёдара Іванова, якога раней трымалі ў сьледчым ізалятары Міністэрства ўнутраных справаў. Як паведамілі Радыё Свабода ў транспартнай пракуратуры Беларусі, “цяпер Іваноў будзе ўтрымлівацца пад хатнім арыштам”.

Паводле незалежных крыніцаў, пры канцы мінулага тыдня Фёдару Іванову ў сьледчым ізалятары стала кепска, да яго выклікалі лекараў. У транспартнай пракуратуры, аднак, адмовіліся камэнтаваць гэтыя зьвесткі.

Старшыня Дзяржаўнага камітэту авіяцыі Фёдар Іваноў быў затрыманы 21 сьнежня. Ён падазраецца ў нанясеньні шкоды дзяржаве праз службовыя злоўжываньні. Паводле сьледзтва, Іваноў нібыта заключыў з расейскай фірмай стратную дамову на рамонт і абсталяваньне аівялайнэра. У транспартнай пракуратуры паведамілі, што абвінавачаньне Фёдару Іванову будзе выстаўленае “ў найбліжэйшы час”.

Затрыманьне Фёдара Іванова дапоўніла сьпіс гучных арыштаў месяца. Раней у сьледчы ізалятар трапілі генэральны дырэктар аб’яднаньня “Нафтан” Канстанцін Часнавіцкі й былы дэпутат Нацыянальнага сходу Мікалай Скутаў.
XS
SM
MD
LG