Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Міхаіл Саакашвілі: “Памаранчавая рэвалюцыя прывядзе да сур’ёзных зьменаў на ўсёй постсавецкай прасторы”


Валер Каліноўскі, Кіеў 28 сьнежня сыходзіць тэрмін абскарджаньня вынікаў выбараў. Паводле новага закону, абскарджаньне магчымае цягам двух дзён з моманту заканчэньня галасаваньня – такім чынам сёньня а восьмай вечара завяршаецца час для падачы скаргаў штабам Віктара Януковіча, які ўчора афіцыйна не прызнаў вынікі выбараў і заявіў, што будзе абскарджваць іх у Вярхоўным судзе.

Наколькі сур’ёзныя падставы для скаргі з боку Віктара Януковіча? Старшыня Цэнтравыбаркаму Ўкраіны Яраслаў Давыдовіч ахарактарызаваў гэтыя скаргі, якія ўжо зараз падаюцца ў ЦВК, як напісаныя амаль што пад капірку. Сутнасьць іх у тым, што хтосьці ня змог прагаласаваць з-за абмежаваньня выкарыстаньня пераносных скрыняў для галасаваньня на даму, альбо хтосьці ня быў унесены ў сьпісы. Гэтыя праблемы тэхнічныя, у якіх вінаватая выканаўчая ўлада, якую ўзначальвае, дарэчы, сам кандыдат, які прайграў, Віктар Януковіч.

Што да пытаньня пра галасаваньне на даму, то яго абмежавала як крыніцу папярэдніх фальсыфікацыяў у тым ліку й фракцыя партыі “Рэгіёны Ўкраіны”, якую кантралюе Віктар Януковіч. Такім чынам, тыя тысячы скаргаў Януковіча, пра якія гавораць у ягоным штабе, гэта пераважна тэхнічныя, а не сыстэмныя парушэньні, якія не даюць магчымасьці паставіць пад сумнеў канчатковыя вынікі галасаваньня.

Датэрміновае галасаваньне, галасаваньне на даму – якраз тыя крыніцы фальшаваньня, на якія зьвяртала ўвагу каманда Юшчанкі адразу пасьля другога туру выбараў. Выглядае, што скасаваньне гэтых спосабаў найбольш клапаціла каманду Януковіча: той дамагаўся вяртаньня адмацавальных талёнаў і вяртаньня магчымасьці галасаваньня на даму. Але гэтым разам на даму прагаласавала недзе толькі каля 12 тысячаў чалавек – гэта вельмі невялікая колькасьць.

З выкарыстаньнем адмацавальных талёнаў прагаласавала паўмільёна чалавек. Таксама нельга сказаць, што яны гэтым разам былі ўжытыя як крыніца масавых фальсыфікацыяў – і тым ня менш у штабе Віктара Юшчакні перакананыя, што ў Данецкай, Луганскай абласьцях усё ж адміністратыўны рэсурс быў ужыты на карысьць Віктара Януковіча, і там ён дадаткова атрымаў пасьля закрыцьця выбарчых участкаў каля паўтара мільёна галасоў, але аспрэчваць вынікі выбараў, якія для Юшчанкі пазытыўныя, ягоная каманда не зьбіраецца.

Вось як ацаніў вынікі выбараў ва Ўкраіне прэзыдэнт Грузіі Міхаіл Саакашвілі, які выступіў па-ўкраінску (у свой час ён вучыўся ў Кіеве):

(Саакашвілі: ) “Мы з вамі сталі сьведкамі новае хвілі вольнай Эўропы, якую пачала грузінская рэвалюцыя і якую ўмацавала зараз украінская памаранчавая рэвалюцыя, што прывядзе да сур’ёзных зьменаў на ўсёй постсавецкай прасторы”.

Учора прыйшло паведамленьне адносна загадкавай сьмерці міністра транспарту Ўкраіны, які быў знойдзены ў сябе на лецішчы забітым. Невядома, ці гэта было забойства ці самазабойства, вядзецца сьледзтва. Ці ёсьць ужо нейкія камэнтары гэтай падзеі і ці зьвязваюць яны гэтую сьмерць з выбарамі?

Гэтае забойства ці самазабойства міністра транспарту Ўкраіны Кірпы – ня першая загадкавая сьмерць за часы прэзыдэнцтва Леаніда Кучмы. Давераная асоба Віктара Юшчанкі Мікола Фаменка з гэтай нагоды з жалем канстатаваў, што пасьля гэтай сьмерці і пасьля самазабойства вядомага банкіра Ляха, якое адбылося пасьля галасаваньня 21 лістапада, пачалі зьнікаць людзі, якія былі сьведкамі выкарыстаньня значных фінансавых і арганізацыйных рэсурсаў групы Януковіча-Кучмы, у тым ліку падчас апошняй выбарчай кампаніі.

Паводле Мікалая Фаменкі, трэба зьберагчы цяпер іншых важных сьведкаў, у прыватнасьці – Георгія Соркіса, Уладзімера Мядведчука, каб яны ня зьніклі, проста ня зьехалі з Украіны, іхныя сьведчаньні будуць патрэбныя. А дэпутат Грыгорый Амельчанка, кіраўнік антыкарупцыйнай камісіі Вярхоўнай рады, лічыць, што сьледзтва абавязанае вывучыць сувязь сьмерці Георгія Кірпы з прэзыдэнцкімі выбарамі, а таксама вывучыць ягоныя складаныя, нават даволі жорсткія адносіны з прэм’ерам Віктарам Януковічам. Нагадаю, што менавіта Георгій Кірпа арганізоўваў тыя шматлікія цягнікі і аўтобусы з назіральнікамі Віктара Януковіча, з тымі людзьмі, якія езьдзілі з адмацавальнымі талёнамі па ўсёй Украіне.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG