Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сьвятары заклікаюць вернікаў быць асабліва асьцярожнымі ў сьвяты


Галіна Абакунчык, Менск Праваахоўныя ограны паведамляюць, што мінулыя выходныя дні, на якія прыпала сьвята Раства Хрыстова, прайшлі без павелічэньня колькасьці правапарушэньняў і злачынстваў. Але сьвятары й вернікі сьведчаць, што колькасьць крадзяжоў падчас урачыстых набажэнстваў у храмах штогод павялічваецца.

Паводле Міністэрства па надзвычайных сытуацыях, сьвяточныя выходныя прайшлі без надзвычайных выпадкаў: здарылася 10 пажараў у якіх загінулі 10 чалавек. Але паводле кіраўніка прэсавай службы Кірылы Данілава, гэта – звычайная статыстыка зімовага пэрыяду. Кіраўнік прэсавай службы Міністэрства ўнутраных справаў Віктар Грынкевіч паведаміў, што ў сьвяточныя дні міліцыя працуе ва ўзмоцненым рэжыме, аднак ніякай актывізацыі з боку правапарушальнікаў таксама не зафіксавана. Гаворыць Віктар Грынкевіч:

(Грынкевіч: ) “Не, ніякага ўсплёску не назіралася – звычайны варыянт звычайных выходных дзён: два цяжкія цялесныя пашкоджаньні, адзін разбой, тры рабункі, чатыры ДТП – усё”.

Выпадкі крадзяжоў у храмах найчасьцей застаюцца незафіксаванымі ў афіцыйных зводках. Сьвятары кажуць, што не зьвяртаюцца да праваахоўнікаў з тае прычыны, што ў храмах зьявяцца патрульныя нарады, якія будуць перашкаджаць людзям маліцца. Таму яны заклікаюць вернікаў проста быць уважлівымі й асьцярожнымі, бо найчасьцей ахвярамі злачынцаў яны самі й становяцца: у людзей крадуць рэчы, грошы, часта жаночыя валізкі. Гэта здараецца ўсё часьцей і асабліва ў часе вялікіх рэлігійных сьвятаў, калі ў храме шмат людзей.

Акрамя таго, апошнімі гадамі злачынцы пачалі паляваць нават на касьцельную маёмасьць. Як паведаміў пробашч касьцёлу Сьвятых Сымона й Алены Ўладзіслаў Завальнюк, мінулымі гадамі з храму скрадалі нават скарбонкі з ахвяраваньнямі. Таму ад сёлета тут усталяваныя мэталёвыя скрыні, але знайшліся ліхадзеі, якія ў часе сёлетніх калядных набажэнстваў адну з такіх мэталёвых скарбонак з ахвяраваньнямі разьбілі ламамі. А вось што паведаміла супрацоўніца Катэдральнага касьцёлу спадарыня Анэля:

(Анэля: ) “Калі прыходзяць да споведзі да ксяндза, пакідаюць рэчы, і бывае, што яны прападаюць. У суботу было, што так сумачку ўкралі ў дзяўчыны, а там былі дакумэнты. Сотавы тэлефон. Яна хадзіла па касьцёлу, шукала й плакала, але ніхто не вярнуў, бо нехта маліцца ідзе, а нехта красьці. Быў выпадак, калі бомж прыйшоў, каб нібыта пагрэцца, а затым папоўз да абразу Маці Божай Вострабрамскай і распачаў адкрываць скарбонку, каб выцягуць грошы”.

Як, у такім выпадку, ў храмах ставяцца да жабракоў, якія ў рэлігійныя сьвяты часьцей зьяўляюцца каля храмаў? Паводле спадарыні Анэлі, жабракі зьяўляюцца таму, што вернікі, якія ідуць у бажніцу, сапраўды ім дапамагаюць і грашыма, і рэчамі, і, прадуктамі. Нават у зьвязку зь пералічанымі выпадкамі крадзяжоў ад бадзяжнікаў у храмах не адварочваюцца – кажа спадарыня Анэля.

(Анэля: ) “Просяць многа, бо многа зараз бамжоў, шмат дзяцей прыходзяць без бацькоў. Дапамагаюць людзі, бо вы ж ведаеце, які цяпер цяжкі час, і кожны хоча выжыць. Мы ж не для таго жывем, каб толькі для сябе, але каб і памагчы людзям, якія галодныя, хворыя, ёсьць жабракамі, якім няма дзе начаваць. Бываюць жа й сярод кепскіх добрыя людзі, то няхай прыйдуць пагрэюцца – гэта ж таксама вялікая ласка Божая. Няхай з Богам пасядзіць, то можа Бог дапаможа яму, пакажа дарогу, якая пакінутая”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG