Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Як выглядае сучасны сьвяточны стол у Беларусі?


Севярын Квяткоўскі, Менск Ці трымаюцца беларусы пэўных традыцыяў ды канонаў? Як зьмяняўся сьвяточны стол і што ўплывала на зьмены? Што новага зьявілася на беларускіх сьвяточных калядна-навагодніх сталах? Ці можна казаць пра нейкія традыцыйныя прысмакі, уласьцівыя большасьці сем’яў?

Сярод адказаў апытаных мною менукоў некалькі разоў сустрэлася качка зь яблыкамі, і, вядома ж, салат “Сталічны”, вядомы ў народзе пад назвай “Аліўе”.

(Спадарыня: ) “Люблю качку з яблыкамі. Люблю балык, але калі сама згатавала”.

(Спадар: ) “Сталічны” салат і шампанскае”.

(Пэнсіянэрка: ) “Качка зь яблыкамі ды ўсё астатняе”.

(Дзяўчына: ) “Мандарыны. Смажаную бульбу – нацыянальная страва. І печаную, і смажаную, і вараную. Звычайна бульбу запякаюць”.

(Студэнтка: ) “Бульба, курыца, пірог з цыбулі”.

(Дзяўчына: ) “Гусь печаная і салат “Аліўе”.

(Спадарыня: ) “Я чула, што нельга, каб была птушка. Але мне птушка больш падабаецца”.

(Дзяўчына: ) “Мяса па-француску”.

Такім чынам, ёсьць пэўныя традыцыйныя прысмакі паводле рэцэптаў савецкіх часоў, калі прадукты былі дэфіцытнымі, таму ўсе рабілі падобныя стравы. Але большасьць сталых менчукоў адзначылі, што ў адрозьненьне ад савецкіх часоў у Беларусі няма дэфіцыту, і таму цяпер ёсьць магчымасьць даць волю фантазіі:

(Спадарыня: ) “Залежыць ад настрою, экспэрымэнтую заўсёды. На кожны Новы Год нешта новае”.

(Спадарыня: ) “Кожны год стараемся, каб быў адметны. Напрыклад, мне спадабалася, калі мы знайшлі ракаў і шампанскае. Вельмі прыгожа, і абмежавана. Я не люблю, калі вельмі шмат і рознага”.

Вядома, я зьвяртаўся з гэтым пытаньнем і да мужчын. Вось досыць тыповыя адказы:

(Спадар: ) “Як атрымаецца. Усё па праграме: гарачыя, халодныя закускі”.

(Пэнсіянэр: ) “Пастараюся што-небудзь для душы прыдбаць. Так, што патрапіцца, такое спакушальнае”.

(Дайнэка: ) “Больш займаецца жонка. Гэта больш такія... Нейкія... Э-э-э... (сьмяецца) Мне цяжка адказаць”.

Апошні адказ належыць Сяргею Дайнэку, які разам з братамі валодае фірмай па вырабе алькагольных напояў. Менавіта браты Дайнэкі прапанавалі навінку на сьвяточныя сталы беларусаў. Гэтымі днямі спаўняецца год, як на менскіх прылаўках зьявіўся алькагольны напой “Крамбамбуля”, папулярны з часоў Вялікага Княства Літоўскага і адроджаны ў наш час. Паводле Сяргея Дайнэкі, “Крамбамбуля” карыстаецца папулярнасьцю, а значыць, можа прэтэндаваць на застольную навінку нумар адзін.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG