Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“БДГ”: у 13-гадовай гісторыі газэты адыходзячы год быў самым складаным


Падрыхтаваў Міхал Стэльмак Агляд незалежнага друку

“Беларуская дзелавая газэта” ў сёньняшнім нумары падсумоўвае вынікі 2004 году, зьвязаныя з умовамі існаваньня гэтага выданьня. У 13-гадовай гісторыі “БДГ” адыходзячы год быў самым складаным. Газэта пражыла сёлетні год ва ўмовах эміграцыі, бо на тэрыторыі Беларусі друк і распаўсюд гэтага выданьня фактычна забаронены. Дзесяткі іншых беларускіх незалежных выданьняў, як зазначае “БДГ”, ня вытрымалі падобных умоваў і спынілі сваё існаваньне. Іншыя выданьні, каб выжыць, пачалі выкарыстоўваць самацэнзуру. Як вынік, інфармацыі ў краіне стала менш. Многія журналісты зьмянілі прафэсію, таму што яны расчараваліся ў тым, што гэтая інфармацыя патрэбная грамадзтву. Паводле высновы “БДГ”, у такім вось стане знаходзіцца сёньня беларуская журналістыка. Што будзе ў наступным годзе, прадказаць наўрад ці магчыма. Прынамсі, “БДГ” сваіх чытачоў абнадзейвае, што разьвітвацца зь імі ў 2005 годзе ня зьбіраецца.

“Віцебскі кур’ер” у сёньняшнім нумары аналізуе становішча з кіраўнічымі кадрамі ў вобласьці. Нягледзячы на падзяку, якую старшыня Віцебскага аблвыканкаму Уладзімір Андрэйчанка атрымаў нядаўна ад Аляксандра Лукашэнкі, кадры ў гэтым рэгіёне, як сьцьвярджае газэта, ёсьць вельмі хворым месцам. Прычым гэтая ацэнка, паводле “Кур’еру”, належыць памочніку Лукашэнкі па Віцебскай вобласьці Зянону Ломацю. Ягонае незадавальненьне найперш выклікае сытуацыя ў аграрным сэктары. Як зазначае выданьне, частка віцебскіх чыноўнікаў прыхарошвае вытворчыя паказьнікі пры дапамозе прыпісак. Але замест вынясеньня гэтых кадравых “хібаў” на суд мясцовай грамадзкасьці, кіраўніцтва вобласьці імкнецца найперш утаіць іх. Як робіць выснову “Віцебскі кур’ер”, мясцовая “вэртыкаль” у сваёй дзейнасьці кіруецца прынцыпам: чым меней людзі ведаюць пра ўладу, тым лепш для яе.

Слуцкая газэта “Інфа-кур’ер” паведамляе пра пераднавагодняе змаганьне ў гэтым горадзе зь незаконным распаўсюдам піратэхнічных вырабаў. Гэтыя вырабы, хаця й паступаюць з Польшчы і Ўкраіны, маюць кітайскае паходжаньне. Іх забарона, паводле мясцовых міліцыянтаў, абгрунтаваная, паколькі летась у Слуцку выкарыстаньне няякаснай піратэхнікі прынесла шмат шкоды тутэйшым дзецям. Тут мелі месца шматлікія выпадкі дзіцячых апёкаў. Ахвярамі дзіцячых забаваў зь піратэхнікай былі й дарослыя случчакі. Таму, паводле выданьня, слуцкія міліцыянты, спрабуючы прадухіліць няшчасьці, сёлета ў падпольных гандляроў ужо канфіскавалі 100 пачкаў бэнгальскіх агнёў.
XS
SM
MD
LG