Лінкі ўнівэрсальнага доступу

28 сьнежня беларускія ўдзельнікі “аранжавай рэвалюцыі” правядуць акцыю ў парку Янкі Купалы


Алесь Дашчынскі, Менск У Менск з Кіева прывязуць намёт, які быў прытулкам беларускім дэманстрантам, удзельнікам падзеяў на Майдане незалежнасьці. Гэты “аранжавы” намёт беларускія дэманстранты паспрабуюць устанавіць цяпер ужо ў Менску ў часе заплянаванай на сёньня акцыі, якую ладзяць Аб’яднаная грамадзянская партыя й Малады фронт.

Акцыя пачнецца а 18 гадзіне ў менскім парку Янкі Купалы. Арганізатары акцыі зьбіраюцца павіншаваць менчукоў зь перамогай украінскай рэвалюцыі і, вобразна кажучы, сымбалічна перанесьці аранжавы колер з Украіны ў Беларусь. Паводле сябра АГП Марыны Багдановіч, беларускі “аранжавы” намёт, які прывязуць у Менск, суправаджае ліст ад выбарчага штаба Віктара Юшчанкі да менскіх міліцыянтаў, каб яны не перашкаджалі ўстанавіць яго ў Менску. Адмысловая шыльда нагадае, колькі дзён гэты намёт быў на Майдане і пры якой тэмпэратуры ў ім знаходзіліся людзі.

Сябра партыі свабоды Сяржук Высоцкі прыгадвае атмасфэру ў Кіеве й намётавы гарадок:

(Высоцкі: ) “Кожны другі аўтамабіль ідзе з аранжавымі стужкамі, кожны трэці чалавек з аранжавай стужкай, людзі ў мэтро сьпяваюць нацыянальныя гімны, дзеці, жанчыны, усе на вуліцы, усе абараняюць сваю радзіму, свой выбар, усе абараняюць свабоду. Эпіцэнтрам змаганьня – лягер на Храшчаціку, каторы прама адыходзіць ад Майдана незалежнасьці. Агулам нас спачатку прыехала каля 50 чалавек, потым колькасьць беларусаў павялічылася да ста чалавек агульная”.

Арганізатары акцыі ў Менску спадзяюцца, што адсьвяткаваць украінскую перамогу ўдасца ў парку Янкі Купалы. Марына Багадановіч:

(Багдановіч: ) “Мы сьвяткуем іх перамогу і засмучаемся нашай пакуль што яшчэ паразай. Мы спадзяемся, што аранжавы колер усё роўна будзе. Вось цяпер на вуліцах бачна, зьяўляюцца, хаця і мала, аўтамабілі з аранжавымі стужкамі, вельмі шмат студэнтаў носяць аранжавыя стужкі на сваіх тэчках, на адзеньні. Усё роўна гэты аранжавы колер свабоды – ён пранікае ў Беларусь. Гэты дух свабоды зусім блізка”.

Актывісты беларускай апазыцыі разьлічваюць зрабіць аранжавай Беларусь у новым годзе. Паводле Марыны Багадановіч, з удзельнікамі акцыі будзе Дзед Мароз і Сьнягурка ў аранжавых строях, якія выканаюць вельмі важную місію.

(Багдановіч: ) “Аранжавага колеру гарбуз, тры Дзяды Марозы і Сьнягурка, мы плянуем яго данесьці да рэзыдэнцыі прэзыдэнта й папрасіць ахову, каб яны перадалі прэзыдэнту наш навагодні калядны падарунак. Гарбуз – гэта, канешне ж, як сымбаль – гэта самы такі прамы адказ самым нахабным жаніхам. Я лічу, што ўжо пажаніхаўся і дастаткова”.
XS
SM
MD
LG