Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Прадстаўнік расейскай Падліковай палаты: большая частка беларуска-расейскіх саюзных праграмаў не выконваецца


Уладзімер Глод, Менск Кантрольныя органы Расеі прапануюць разгледзець мэтазгоднасьць так званых саюзных праграмаў. Вышэйшы орган фінансавага кантролю Расейскай Фэдэрацыі – Падліковая палата – выступіла зь ініцыятывай прааналізаваць у наступным годзе мэтазгоднасьць існых праграмаў. Гэтая заява была зроблена літаральна празь дзень пасьля візыту ў Менск расейскага прэм’ера Міхаіла Фрадкова. Такім чынам, беларуска-расейскае супрацоўніцтва выклікае сумнеў з боку Крамля. Чым можна патлумачыць такія нечаканыя захады з боку Масквы?

Так бы мовіць, “вольнае” выдаткаваньне сродкаў з саюзнага бюджэту ўжо ня першы раз выклікае занепакоенасьць Падліковай палаты і яе кіраўніка Сяргея Сьцяпашына. Напрыклад, яшчэ летась ягонае ведамства адзначала перавыкананьне бюджэту на ўтрыманьне чынавенства й замежныя камандзіроўкі. А вось што тычыцца канкрэтных праграмаў, пра якія так многа казалі і якія быццам бы накіраваныя на паляпшэньне жыцьця звычайных людзей, то яны проста пакінутыя па-за ўвагай.

Спадар Сьцяпашын адзначае, што “большая частка праграмаў не выконваецца”. І дадае наступныя цікавыя лічбы: усяго існуюць аж 42 сумесныя праграмы, але рэальна выконваюцца толькі 3. Прычым, найбольшая колькасьць грошай пайшла на мытную інфраструктуру. Як быццам у саюзнай дзяржавы няма больш важных праектаў – напрыклад, ліквідацыя наступстваў Чарнобыльскай катастрофы.

Але падобна на тое, што саюзнае чынавенства цікавіцца толькі ўласнымі інтарэсамі. Ня дзіва, што леташні бюджэт так званай саюзнай дзяржавы ня выкананы, у ім засталіся нават нявыкарыстаныя грошы.

Што гавораць з гэтай нагоды адмыслоўцы? Чаму, зь іхнага пункту гледжаньня, шмат праектаў літаральна застаецца на паперы, іхным лёсам ніхто не цікавіцца?

Большасьць адмыслоўцаў, зь якімі я размаўляў, лічыць, што ўсё гэта ёсьць наступствы штучнага праекту, якім зьяўляецца так званая саюзная дзяржава. У свой час яе абвясьцілі, і цяпер мусяць за яе трымацца, хаця эканамічнага сэнсу, а гэта значыць, і паляпшэньня ўзроўню жыцьця жыхароў Беларусі й Расеі, тут проста ня бачна. Гэта справа, якая цягнецца гадамі, і якая, падобна, ня мае пэрспэктывы.

Я спытаў кіраўніка аналітычнага цэнтру фонду Мізэса Яраслава Раманчука, чаму так слаба выкарыстоўваюцца магчымасьці саюзнага бюджэту й чаму не ажыцьцяўляецца ніводны з праектаў, пра якія з такім запалам звычайна распавядае Дзяржсакратар гэтак званай Саюзнай дзяржавы Павал Барадзін.

(Раманчук: ) “Вельмі проста: таму што грошы, якія ёсьць у саюзным бюджэце, хапае, хіба, толькі спадару Барадзіну. Расея мае свой бюджэт, Беларусь – свой. Палітычнай волі рабіць нейкія сур’ёзныя рэчы няма. Таму гэтыя грошы проста разыходзяцца, і ніхто не зьвяртае на іх увагі, ніхто не кантралюе іхную эфэктыўнасьць. Гэта сьведчыць пра тое, што якасьць падрыхтаваных праграмаў вельмі нізкая. Ніхто не зьбіраецца іх уздымаць. Таму што нельга склеіць таго, што не знаходзіць водгуку інтарэсу ў прадпрымальнікаў, як зь Беларусі, так і з Расеі.

Тое, што яны робяць, гэта вельмі блякла, вельмі далёка ад стандартаў Эўразьвязу. І гэтыя бюракратычныя праграмы, калі іх, напрыклад, адмяніць, ніхто не заўважыць, нічога фактычна ня зьменіцца. Таму, я лічу, можна сьмела пасьля рэвізіі адмовіцца ад супрацоўніцтва Расеі й Беларусі ў гэтым фармаце і пераходзіць у зону вольнага гандлю, якая будзе больш спрыяльнай для нашых краінаў”.
XS
SM
MD
LG