Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Якой будзе палітыка новай Украіны пасьля прэзыдэнцкіх выбараў?


Віталь Цыганкоў, Прага Ці будзе Віктар Юшчанка арыентавацца пераважна на Захад? Гэтыя пытаньні абмяркоўваюць сёньня экспэрты і аналітыкі. З аглядам меркаваньняў Віталь Цыганкоў.

Замежная палітыка не была галоўнай тэмай кампаніі кандыдата ў прэзыдэнты Юшчанкі, агітацыя была накіраваная найперш на ўнутраныя праблемы дзяржавы. Лідэр “памяранчавай рэвалюцыі” казаў, што зьмены, якія ён хоча ўнесьці, тычацца найперш ўнутраных рэформаў, а не замежнай палітыкі. Хаця ў сваёй кампаніі Юшчанка абяцаў перарабіць многае ў спадчыне Кучмы, плятформа новага ўкраінскага прэзыдэнта ў зьнешняй палітыцы вельмі нагадвае ранейшую праграму Кучмы – прынамсі, так як яна была прадстаўленая сьвету.

Толькі стаўшы прэзыдэнтам, Кучма шмат казаў пра шчыльную інтэграцыю з Эўразьвязам, падпісаў праграму спэцыяльнага партнэрства з НАТО і нават уздымаў магчымасьць сяброўства Ўкраіны ў гэтым альянсе. Але пасьля таго, як ягоная папулярнасьць у краіне і за мяжой рэзка ўпала, і была засьмечаная карупцыйнымі скандаламі, Кучма павярнуўся да Расеі, заяўляючы, што Ўкраіне патрэбная шматвэктарная зьнешняя палітыка.

Аналітык Тарас Кузіё з амэрыканскага ўнівэрсытэту Джорджа Вашынгтона сьцьвярджае, што Кучма проста ня меў сапраўднай зьнешняй палітыкі – адно што шмат абяцаньняў і часовых альянсаў, прызначаных утрымліваць ягоны клан ва ўладзе. Кузіё спадзяецца, што Юшчанка перастане сымуляваць правядзеньне сапраўднай зьнешняй палітыкі, як гэта рабіў Кучма.

(Кузіё: ) “Больш ня будзе неадпаведнасьці паміж зьнешняй і ўнутранай палітыкай. Больш ня будзе пустой рыторыкі. Будзе больш канкрэтная сутнасьць тых мэтаў зьнешняй палітыкі, якія былі вылучаныя ў парадак дня, то бок сяброўства ў НАТО і Эўразьвязе. Яны ўжо былі мэтамі Ўкраіны, але не сур’ёзнымі мэтамі”.

Аляксандр Рар, экспэрт Нямецкай рады замежных адносінаў, пагаджаецца. Рар таксама прадбачыць фундамэнтальныя зьмены ва ўкраінскай замежнай палітыцы за Юшчанкам.

(Рар: ) “Я думаю, што Юшчанка зьбіраецца дэзавуяваць некаторыя заявы, зробленых прэзыдэнтам Кучмам. Калі Кучма казаў, што ён ня бачыць Украіну ў Эўразьвязе і НАТО ў бліжэйшыя некалькі гадоў, ён такім чынам ясна даваў зразумець наконт пераарыентацыі зьнешняй палітыкі ў накірунку Расеі. Я думаю, гэта зьменіцца з прэзыдэнтам Юшчанкам. Юшчанка скажа, што мэты ўкраінскай замежнай палітыкі накіраваныя на інтэграцыю з Заходнімі вайсковымі, эканамічнымі і палітычнымі структурамі, а не на будучыню разам з Расеяй. Я думаю, мы можам разьлічваць на фундамэнтальныя зьмены”.

Хаця верагодная ўкраінская геапалітычная пераарыентацыя можа паўплываць на адносіны з Расеяй, экспэрты лічаць, што эканамічныя дачыненьні асабліва не пацерпяць. Будучы прэм’ер-міністрам, Юшчанка паказаў, што ён адчынены для расейскіх інвэстыцыяў ва Ўкраіне. Але што тычыцца СНД, то тут іншае пытаньне. Аналітыкі чакаюць ахалоджваньне Кіева да ідэі адзінай эканамічнай прасторы паміж Расеяй, Беларусьсю, Казахстанам ды Ўкраінай.
XS
SM
MD
LG