Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Няроўны: “Гэта газэта незалежная, апазыцыйная, а ўстаноўка цяпер такая, каб у правінцыі не было такіх газэтаў”


Марыя Ўсьціновіч, Крычаў Выдаўцы крычаўскай незарэгістраванай газэты “Вольны горад” вычарпалі ўсе магчымасьці для таго, каб распачаць афіцыйную рэгістрацыю рэгіянальнага недзяржаўнага выданьня. Спачатку мясцовыя, а цяпер і сталічныя ўлады адмаўляюцца ўзгадніць юрыдычны адрас “Вольнага гораду”.

“Вольны горад” – вядомая незалежная газэта ў Крычаўскім раёне. Мясцовыя дэмакраты, якія выдаюць газэту накладам у 299 асобнікаў, вырашылі афіцыйна зарэгістраваць “Вольны горад”. Яны меркавалі падвысіць наклад і пашырыць тэрыторыю распаўсюду папулярнай газэты.

Аднак крычаўцы так і ня здолелі прайсьці першы этап для рэгістрацыі. Улады адмовіліся ўзгадніць юрыдычны адрас у кватэры і ва ўласным доме прыватнага прадпрымальніка, і гаспадарчы суд стаў на бок “вэртыкалі”.

Гаворыць рэдактар “Вольнага гораду” Сяргей Няроўны.

(Няроўны: ) “Колькі мы не спрабавалі зрабіць гэта на тэрыторыі Крычаўскага раёну, Магілёўскай вобласьці нічога ў нас не атрымлівалася. Мы падумалі, што Менск – больш лібэральны горад, і там прасьцей з уладамі дамовіцца і зарэгістраваць газэту”.

Крычаўцы знайшлі ў Менску памяшканьне для рэдакцыі па-за жылым сэктарам. Аднак Менскі гарвыканкам днямі паведаміў, што ня можа ўзгадніць юрыдычны адрас газэты.

Чыноўнікі ў адказе спасылаюцца на некалькі артыкулаў Закону аб друку. Аднак крычаўцы настойваюць на тым, што яны ня маюць дачыненьня да працэдуры ўзгадненьня юрыдычнага адрасу. Вось што мяркуе Сяргей Няроўны пра сапраўдныя прычыны адмовы.

(Няроўны: ) “Гэта газэта незалежная, апазыцыйная, а ўстаноўка цяпер такая, каб у правінцыі не было такіх газэтаў. І зарэгістраваць “Вольны горад” – гэта як самагубства для ўлады”.

Выдавец газэты, хаця цяпер і ацэньвае шанцы апазыцыйнай газэты на рэгістрацыю як мінімальныя, усё ж заявіў аб намеры абскардзіць у судзе рашэньне Менскага гарвыканкаму.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG