Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Распачатая крымінальная справа ў дачыненьні да былога дырэктара Шклоўскага масларобчага заводу


Марыя Ўсьціновіч, Магілёў У Магілёўскай вобласьці распачата крымінальная справа супраць былога дырэктара ААТ “Шклоўскі масларобчы завод”. Сутнасьць справы высьвятляла Марыя Ўсьціновіч.

Крымінальную справу вядзе дэпартамэнт фінансавых расьсьледаваньняў. Сьледчыя вывучаюць дзейнасьць Уладзімера Лістападава на пасадзе дырэктара Шклоўскага масларобчага заводу. Зь нядаўняга часу ён працуе намесьнікам старшыні Магілёўскага аблспажыўсаюзу ў справах прамысловасьці.

Зьвесткі пра сутнасьць крымінальнай справы супярэчлівыя. БелТА паведаміла, што Ўладзімр Лістападаў абвінавачваецца ў злоўжываньні службовымі паўнамоцтвамі. Паводле інфармацыі агенцтва, дырэктар заводу асабіста прыняў рашэньне аб закупе ў маскоўскай фірмы вытворчага абсталяваньня, без узгадненьня са спэцыялістамі заводу і тэндэрнай камісіі. Абсталяваньне прыйшло на завод неўкамплектаванае, яно не адпавядае тэхналягічным патрабаваньням. Урон склаў прыкладна 40 тысяч даляраў.

Сёньня ж Міхаіл Клязовіч, які цяпер выконвае абавязкі кіраўніка ўправы дэпартамэнту фінансавых расьсьледаваньняў Магілёўскай вобласьці, паведаміў карэспандэнту Свабоды, што размова ў крымінальнай справе Лістападава ідзе не пра тэндэр, а пра выманьваньне крэдыту. Хаця і пра гэта, мяркуе спадар Клязовіч, казаць яшчэ рана.

(Клязовіч: ) “Давайце ўжо не будзем сьпяшацца. Завершым расьсьледаваньне, расставім, усе кропкі над “і”, тады ўжо можна прадметна казаць”.

У дачыненьні да Ўладзімера Лістападава не абраная мера стрыманьня, ён не затрыманы.

(Клезовіч: ) “Абвінавачаньне не прад’яўлялася. Ёсьць проста факты, мы распачалі справу і расьсьледуем. Ён ходзіць на працу, а сьледзтва працуе, правярае факты і людзей дапытвае”.
XS
SM
MD
LG