Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Vox Populi: Як зьменяцца дачыненьні Ўкраіны з Беларусьсю і Расеяй пасьля перамогі Юшчанкі?


Казімер Яноўскі, Гомель “Як, на вашу думку, зьменяцца дачыненьні Ўкраіны з Беларусьсю і Расеяй пасьля перамогі Юшчанкі”? Гэтае пытаньне жыхарам Гомелю задаваў наш карэспандэнт.

(Мужчына: ) “Юшчанка – праамэрыканскі прэзыдэнт. Ён перакрые ўсе межы. Хутка будуць лётаць самалёты НАТО, верталёты і ўсё такое іншае”.

(Мужчына: ) “Галоўнае, каб мір быў паміж краінамі і людзьмі”.

(Хлапец: ) “У нашых дачыненьнях, пэўна, нічога ня зьменіцца”.

(Студэнт: ) “У горшы бок зьменяцца. Юшчанка імкнецца ў Эўропу, а Беларусь, наадварот, да Расеі”.

(Мужчына: ) “Юшчанка – гэта радыкал. Прыход Юшчанкі выкліча ў нас чарговую барацьбу з БНФ”.

(Мужчына: ) “Гэта для многіх будзе ці то бомба, ці то абух, які многім працьвярозіць мазгі. Сёньня ўжо нараджаецца новая фармацыя жыцьця. Юшчанка надзвычай прагрэсіўны палітык. Ён ня толькі глядзіць у заўтра, ён ужо жыве ў заўтрашнім дні. Мы ўжо будзем задумвацца: побач нашы кроўныя браты, нашы суседзі ўжо жывуць у іншым часе, у іншай эпосе. Яны ўжо думаюць па-іншаму, ядуць па-іншаму і глядзяць на тую ж Расею па-іншаму”.

(Студэнт: ) “Украіна адасобіцца ад саюзу Беларусі і Расеі амаль поўнасьцю. Яна пойдзе на Захад”.

(Студэнт: ) “Юшчанка – гэта прадстаўнік апазыцыі, а Лукашэнка апазыцыі баіцца. Таму ўзаемаадносіны будуць напружанымі”.

(Жанчына: ) “Не павінны выбары паўплываць на нашы дачыненьні з Украінаю”.

(Жанчына: ) “Яшчэ да ўсіх выбараў я ведала, што гэты Юшчанка будзе ва ўладзе. Калі Амэрыка завалодае Ўкраінаю, то будзе такая ж пагібель і нашай Беларусі”.

(Жанчына: ) “Мне падаецца, што адносіны з Украінаю будуць такімі ж роўнымі. Мы ж заўсёды сябравалі. У нас шмат сваякоў ва Ўкраіне. І ўкраінцаў вельмі многа ў Беларусі. Пагаршэньня дачыненьняў ня будзе”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG