Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

“Polityka”: Калі б Польшча не прыняла “плян Бальцэровіча” 15 гадоў таму, яна нагадвала б Беларусь


Аляксей Дзікавіцкі, Варшава У гэты дзень, дакладна 15 гадоў таму польскі Сэйм зацьвердзіў гэтак званы “плян Бальцэровіча”, які, як кажуць у Польшчы “правёў палякаў з сацыялізму ў капіталізм”. “Без гэтага пляну Польшча была б цяпер падобная да Беларусі”, – напісаў напярэдадні аўтарытэтны часопіс “Polityka”. Пра плян Бальцэровіча, яго вынікі і аўтара распавядае Аляксей Дзікавіцкі.

У 1989 годзе інфляцыя ў Польшчы дасягнула 340% у год, у крамах нічога не было, а гаспадарка знаходзілася на мяжы катастрофы. Першы некамуністычны ўрад Тадэвуша Мазавецкага, які напярэдадні пераняў уладу ад сваіх бездапаможных папярэднікаў, мусіў тэрмінова распачынаць рэформы – а досьведу такіх рэформаў ня меў ніхто.

У тыя дні саракагадовы эканаміст Лешэк Бальцэровіч зьбіраўся выяжджаць у Вялікую Брытанію ў якасьці выкладчыка, калі раптам атрымаў прапанову заняць пасаду віцэ-прэм’ера і міністра гаспадаркі.

Але тады яшчэ існаваў Савецкі Саюз, сілавыя міністэрствы былі ў рукох камуністаў – ад Бальцэровіча чакалі, што ён знойдзе для Польшчы “трэці шлях” – пра адраджэньне капіталізму ніхто нават не размаўляў.

Лешэк Бальцэровіч узначаліў групу з 6 маладых адмыслоўцаў, якая ў кароткі тэрмін падрыхтавала пакет з 11 новых законаў – яго і назвалі “плянам Бальцэровіча”.

Практычна, плян, які прадугледжваў двайны шок – лібэралізацыю гаспадаркі і стабілізацыю коштаў – пачаў дзейнічаць ад 1 студзеня 1990 году, цэны гвалтоўна ўзрасьлі, але ўжо ў лютым гэты рост спыніўся. Яшчэ празь месяц зьніклі чэргі, у гаспадарцы пачаўся пэрыяд адноснай стабілізацыі, цягам двух гадоў паўсталі больш за 600 тысячаў прыватных фірмаў.

У сьвеце пачалі гаварыць пра гаспадарчы “цуд над Віслай”, а ў самой Польшчы папулярнасьць Бальцэровіча рэзка ўпала – гэта быў кошт, які давялося плаціць за рэформы. У 1993 годзе, калі сытуацыя ў польскай гаспадарцы амаль цалкам стабілізавалася, Лешэк Бальцэровіч зышоў у адстаўку.

У гэтыя дні вядомы публіцыст Ежы Бачыньскі з часопіса “Палітыка” напісаў:

“Мінула 15 гадоў, а вакол асобы і пляну Лешка Бальцэровіча дагэтуль працягваюцца спрэчкі. Але пры ўсёй крытыцы, часта несправядлівай, ёсьць некалькі рэчаў, якія хіба нельга аспрэчваць.

Калі б не наватарская бальцэровічаўская перабудова, магчыма лёс усёй посткамуністычнай Эўропы мог бы быць іншы, а Польшча больш прыгадвала б Беларусь”.
XS
SM
MD
LG