Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пісталет, які ўлады нібыта знайшлі ў Марыніча, ёсьць толькі ў двух вайсковых частках Беларусі


Алег Грузьдзіловіч, Менск 27 сьнежня ў Менскім раённым судзе завяршылася судовае сьледзтва ў справе экс-амбасадара Беларусі ў Латвіі Міхаіла Марыніча, якога ўлады абвінавачваюць у незаконным валоданьні зброяй і крадзяжы маёмасьці няўрадавай арганізацыі. Пачаўся дзень з апытаньня сьведак, а што адбывалася ў судзе ў апошнія гадзіны сёньняшняга паседжаньня?

У другой палове дня на судзе над Міхаілам Марынічам быў завершаны допыт сьведак, і суд перайшоў да вывучэньня дакумэнтаў справы. А папярэднічаў гэтаму выступ прадстаўніка абвінавачваньня Аляксандра Нікуліна з агалошваньнем тэлефоннай размовы, якую падслухалі супрацоўнікі КГБ з дазволу пракуратуры. Гэтая размова, паводле сьледзтва, адбылася паміж Міхаілам Марынічам і былым супрацоўнікам амэрыканскай амбасады Ягорам Новікавым.

З тэксту вынікала, што Ягор Новікаў нібыта нагадаў Міхаілу Марынічу пра заканчэньне дамовы аб выкарыстаньні кампутараў, якія амбасада перадала ў часовае карыстаньне “Дзелавой ініцыятыве”. Паводле дамовы, гэтыя кампутары ды іншую аргтэхніку трэба было вяртаць. У адказ ад Марыніча нібыта прагучала, што тэхніка знаходзіцца ў сябраў арганізацыі і вярнуць яе немагчыма.

Прадстаўнік пракуратуры Аляксандр Нікулін запытаў на судзе ў Ягора Новікава, ці была такая размова. Ягор Новікаў прызнаў, што яны размаўлялі з Міхаілам Марынічам, але зьместу размовы ён ужо не памятае. Не пацьвердзіў, што такая гутарка была, і Міхаіл Марыніч.

Між тым ў судзе было агалошана, што амэрыканская амбасада ня мае матэрыяльных прэтэнзіяў да Міхаіла Марыніча, і што “Дзелавая ініцыятыва” вярнула амбасадзе ўсю маёмасьць акрамя кампутараў, якія арыштавала сьледзтва.

Сёньня ў другой палове дня судом таксама быў агледжаны пісталет, які нібыта знайшлі на лецішчы Марыніча. Гэта пісталет рэдкага замежнага ўзору, якім карыстаюцца толькі ў адмысловых службах.

Такія пісталеты ёсьць толькі ў двух вайсковых частках Беларусі. Суд высьветліў, што такія пісталеты з гэтых частак не зьнікалі.

Адвакат Вера Страмкоўская лічыць, што агляд пайшоў на карысьці яе падабароннага.

(Страмкоўская: ) “Былі зробленыя нейкія апэрацыі з гэтым пісталетам. Хімічным чынам зьнішчаны нумар, таксама мэханічным чынам былі зьнішчаныя лічбы на ім. Гэта Марыніч ня мог зрабіць у хатніх умовах. Ён кажа, што гэтая зброя яму не належыць, і таму абарона будзе казаць пра прынцып прэзумпцыі невінаватасьці. На мой погляд, не прадстаўлена суду дастатковых доказаў ягонай віны, што ён карыстаўся гэтай зброяй”.

На працэсе абвешчаны перапынак да серады, 29 сьнежня, калі пачнуцца судовыя спрэчкі. Адкрые спрэчкі прадстаўнік пракуратуры Аляксандр Нікулін.

Суд над Міхаілам Марынічам пачаўся 23 сьнежня. Былога міністра і амбасадара абвінавачваюць у незаконным валоданьні зброі ды крадзежы маёмасьці няўрадавай арганізацыі, яму пагражае да 15 гадоў турмы. Вінаватым сябе Марыніч не прызнае і тлумачыць перасьлед палітычнымі прычынамі. Калі Міхаіл Марыніч будзе прызнаны судом вінаватым, акрамя іншага пакараньня ён ня зможа вылучыць сваю кандыдатуру на наступных прэзыдэнцкіх выбарах. Гэты намер Марыніч неаднаразова выказваў яшчэ да арышту 26 красавіка.

Гл. таксама • Другі дзень: на судзе над Міхаілам Марынічам пачаўся допыт першых сьведкаў • У першы дзень суду над Марынічам вывучаліся, магчыма, незаконна зробленыя запісы яго тэлефонных размоваў • ЗША абвяргаюць “крадзеж кампутараў” і заклікаюць вызваліць Марыніча • Міхаіл Марыніч назваў цынічным працэс, які пачаўся над ім у Менскім раённым судзе, а перад будынкам суду "Зубр" зладзіў акцыю пратэсту • Эўразьвяз: “Марыніча трымаюць у ізалятары паводле палітычна матываваных, як шмат хто мяркуе, абвінавачаньняў” • За пачаткам суду над Міхаілам Марынічам назіралі амбасадары і дыпляматы краінаў Эўразьвязу, ЗША і АБСЭ • Прэзыдэнт Латвіі: “Скрайне сумна назіраць за разьвіцьцём падзеяў у Беларусі” • Амбасада Беларусі ў Рызе абвяргае палітычную прыроду працэсу над Марынічам
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG