Лінкі ўнівэрсальнага доступу

27.12.2004: Землятрус ля Суматры скалануў плянэту – у выніку цунамі й землятрусу загінулі больш як 25,000 чалавек


Сьвятлана Курс, Прага Землятрус 26 сьнежня ў Паўднёвай Азіі, ахвярамі якога сталі больш за 25 тысячы чалавек, стаўся найвялікшым за апошнія 40 год. З-за яго ссунулася вось зямлі, на 30 мэтраў пасунулася выспа Суматра, а сьвет жывёлаў і рыбаў зьмяніўся. Краіны Індыйскага акіяну не былі падрыхтаваныя да трагедыі. Ні ўводнай краіне няма адэкватнай аварыйнай, тым больш стрымальнай сыстэмы, – пра гэта пішуць СМІ на Захадзе.

“Сьмерць прыйшла з мора і не пашкадавала нікога: загінулі багатыя турысты на сваіх дарагіх курортах, і бедныя рыбацкія сем’і ў хацінах”, гаворыць Саўндэр Раян, рыбак з індыйскага гораду Мадрас

(Раян: ) “Пасьля землятрусу мы сядзелі дома, і раптам прыйшла вялізная хваля. Нагэтулькі вялізная, што людзі ля мора ня мелі шанцу выжыць. Шмат дзяцей, што гулялі каля берагу, былі забітыя. Шмат старых людзей загінулі. Прыблізна 10 дзяцей, што гулялі на беразе, зьніклі бязь вестак”.

Сіла штуршкоў сягала 9,0 пунктаў па Рыхтэры, эпіцэнтар знаходзіўся ля інданэзійскай выспы Суматра. У выніку землятрусу ў цунамі загінулі больш за 25 тысяч чалавек. У Інданэзіі – каля 4,5 тысяч чалавек, на высьпе Шры-Ланка – больш за 12 тысяч чалавек, у Індыі – больш за 6 тысяч. Масавыя ахвяры зафіксаваныя ў Тайляндзе, Малайзіі, на Мальдыўскіх выспах, Банглядэшы, Бірме і нават у Самалі, якая знаходзіцца за 5 тысяч кілямэтраў ад эпіцэнтру землятрусу.

Бальшыня людзей загінула з-за вялізнага цунамі, хваляў, вышынёю да 10 мэтраў (вышыня трохпавярховага дому) і хуткасьцю да 500 км/г.

Міжнародны Чырвоны крыж дае ацэнку, што ад катастрофы пацярпелі 1 мільён чалавек. Гаворыць Стывэн Бірч, аўстралійскі турыст, які перажыў цунамі на Шры-Ланцы.

(Бірч: ) “Гэта маглі быць гадзіны, а маглі сэкунды, верагодней за ўсё, сэкундаў дваццаць. Я ня ведаю. Сіла вады кінула мяне ў каюту. Я спрабаваў чапляцца за рэчы, потым мяне перакінула ў другую каюту. Калі вада сышла, мы пабачылі, што домікі, ў якіх мы жылі, разбураныя ўшчэнт”.

Крыстал, турыстка, якія дзівам ацалела ў цунамі:

(Крыстал: ) “Я хачу сказаць, што гэта натуральная катастрофа. Мы не маглі прадухіліць яе. Гэта землятрус. Ён мог здарыцца дзе заўгодна. Мы проста апынуліся ў няправільным месцы ў няправільны час”.

Апрача страшных гуманітарных вынікаў, землятрус прынёс вялікія геаграфічныя зьмены. На дне Індыйскага акіяну ўздоўж узьбярэжжа Інданэзіі ўтварыўся разлом зямной кары даўжынёй больш за 1100 км.

Паводле заходняй прэсы, землятрус і цунамі такой сілы прывядзе да зьмены паверхні Зямлі і да зьмяшчэньня зямное восі. Фаўна ў раёне катастрофы адновіцца прыкладна праз паўстагодзьдзя. Сталася вялікая шкода гаспадарцы краінаў Індыйскага акіяну, яшчэ і таму, што ладная частка іхных прыбыткаў паступала ад турызму.

Эўразьвяз, ЗША, ААН і ўрады многіх краінаў заявілі, што дадуць пацярпелым краінам неабходную дапамогу. Учора Эўразьвяз абвясьціў аб выдзяленьні тры мільёны эўра.
XS
SM
MD
LG