Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Клаўдыя Нольтэ: “Мы будзем настойваць на тым, каб Эўразьвяз не забываўся пра Беларусь, хаця ў цэнтры увагі цяпер, безумоўна, Украіна”


Ул. інф. Вядомыя заходнія палітыкі, камэнтуючы вынікі ўкраінскіх выбараў, заяўляюць пра тое, што апошнія падзеі ў гэтай краіне прымушаюць ўзгадваць і пра суседнюю Беларусь.

Як заявіў старшыня камісіі ў міжнародных справах Сэнату ЗША, рэспубліканец Рычард Лугар, цяперашняя ўкраінская сытуацыя ўзьняла шмат дадатковых пытаньняў накшталт: наколькі вялікай можа быць Эўропа, як мусіць рэагаваць сьвет на тое, калі ў Беларусі, дзе зараз усё спакойна, адбудуцца падзеі, падобныя ўкраінскім.

У сваім інтэрвію нямецкаму штотыднёвіку “Der Spiegel” c’yfnfh Рычард Лугар узгадвае сваю нядаўнюю сустрэчу з бундэсканцлерам Герхардам Шрэдэрам у Бэрліне. У нямецкай сталіцы ён спыніўся пасьля назіраньня за выбарамі ў Кіеве. “Я сказаў бундэсканцлеру: “Украіна дае нам усе шанцы гаварыць пра тое, як свабодныя людзі могуць ажыцьцяўляць зьмены. Гэтае пытаньне сёньня надзвычай важнае як для Эўропы, так і для ЗША”.

Паводле некаторых вядучых нямецкіх палітыкаў, нягледзячы на тое, што Ўкраіна зьяўляецца цэнтральнай тэмай, беларуская сытуацыя ня мусіць апынуцца па-за ўвагай кіраўніцтва Эўразьвязу. Вось што гаворыць дэпутатка Бундэстагу Клаўдыя Нольтэ.

(Нольтэ: ) “ Тое, што адбываецца ва Ўкраіне ня можа не ўражваць. Гэта знак таго, што людзі сталі самасьвядомымі і прывялі грамадзтва да такога палітычнага разьвіцьця. У Беларусі трохі іншая сытуацыя. Аднак мы адсочваем яе. Мы ведаем інфармацыю, пра намер правесьці датэрміновыя выбары ў 2005 годзе. У любым выпадку беларуская тэма будзе ў цэнтры ўвагі нашых палітыкаў у наступным годзе. Ужо на пачатку новага году можна чакаць больш жорсткіх падыходаў у дачыненьні да афіцыйнага Менску.

Размова ідзе ня толькі і ня столькі пра візавыя забароны для беларускага кіраўніцтва, якія ёсьць адчувальнымі сродкамі хутчэй для нямецкай грамадзкасьці. Наколькі гэта эфэктыўна для беларускага грамадзтва – іншая справа. Ёсьць асобы, якіх гэта тычыць. Аднак ці можна дасягнуць гэтай забаронай станоўчых мэтаў з гледзішча беларускай грамадзкасьці? Ёсьць шмат іншых крокаў, якія, сапраўды, больш жорсткія, і якія цяжэй апісаць. Ёсьць шэраг захадаў, якія патрабуюць узгадненьня часу.

Шмат немцаў, якія займаюць салідныя пасады, хочуць штосьці зрабіць у гэтым напрамку. Канечне, мы будзем настойваць на тым, каб Эўразьвяз не забываўся пра Беларусь, хаця ў цэнтры увагі цяпер, безумоўна, Украіна”.

Паводле дэпутаткі Бундэстагу Клаўдыі Нольтэ нямецкі бок будзе настойваць на тым, каб Беларусь заставаліся ў зоне пастаяннай увагі Эўразьвязу, нягледзячы на тое, што Ўкраіна зараз у цэнтры ўвагі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG