Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Станіслаў Шушкевіч, Анатоль Лябедзька, Вінцук Вячора і іншыя палітыкі камэнтуюць перамогу Віктара Юшчанкі


Ганна Соусь, Менск Меркаваньні экс-старшыні Вярхоўнага Савету Беларусі 12-га скліканьня Станіслава Шушкевіча, кіраўніка Аб’яднанай грамадзянскай партыі Анатоля Лябедзькі, лідэра “Народнай грамады” Міколы Статкевіча і старшыні партыі БНФ Вінцука Вячоркі запісала Ганна Соусь.

Экс-старшыня Вярхоўнага Савету Беларусі 12-га скліканьня Станіслаў Шушкевіч вельмі ўсьцешаны перамогай Віктара Юшчанкі на прэзыдэнцкіх выбарах ва Ўкраіне.

(Шушкевіч: ) “Я шчасьлівы, што там такія вынікі. Я ня здолеў датэлефанавацца Віктару Андрэевічу, але датэлефанаваўся кіраўніку ягонага штабу і павіншаваў іх. Я вельмі цешуся, што ва Ўкраіне адбылося тое, што павінна было адбыцца. І тое, што там схлусілі, скралі 3 мільёны галасоў у Юшчанкі, то цяпер яны іх аддалі, і ўсё стала на свае месцы”.

Кіраўнік Аб’яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька, які знаходзіцца цяпер у Кіеве, лічыць, што перамога Віктара Юшчанкі ёсьць яшчэ й перамогай дэмакратычных сілаў на постсавецкай прасторы.

(Лябедзька: ) “Я думаю, што псыхалягічна, эмацыйна для Беларусі гэта натуральна – вельмі пазытыўны зарад. І я спадзяюся, што гэты працэс працягнецца й будзе ў той ці іншай ступені паўтарацца ў тым ліку і ў Беларусі”.

Сёньня ва ўкраінскай сталіцы знаходзіцца й лідэр Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі “Народная грамада” Мікола Статкевіч. Мінулай ноччу ён ужо павіншаваў Віктара Юшчанку з перамогай на прэзыдэнцкіх выбарах.

(Статкевіч: ) “Тое, што адбылося ўчора – гэта наступствы тых высілкаў, тых намаганьняў у справе пабудовы ва Ўкраіне асноваў грамадзянскай супольнасьці, якія ўрэшце завяршыліся тым, што адбылося. Я думаю, што Ўкраіна даказала, што ў гэтай частцы сьвету таксама будзе дэмакратыя. Такім чынам, беларускі рэжым зьяўляецца анамаліяй, а анамаліі доўга не існуюць”.

А лідэр партыі БНФ Вінцук Вячорка лічыць, што перамога Віктара Юшчанкі ёсьць сьведчаньнем жыцьцяздольнасьці і пэрспэктыўнасьці цэнтральна-эўрапейскага рэгіёну.

(Вячорка: ) “Я пад цэнтральна-эўрапейскім альбо цэнтральна-усходнеэўрапейскім рэгіёнам разумею менавіта Беларусь і Ўкраіну. Гэта сьведчаньне таго, што на тэрыторыі заходніх постсавецкіх краінаў апроч Балтыі магчымая пабудова дэмакратычнай грамадзянскай супольнасьці. І магчымыя масавыя выступленьні народу ў абарону дэмакратычных, нацыянальных, эўрапейскіх паводле сваёй сутнасьці каштоўнасьцяў. Я віншую ўкраінскі народ”.
XS
SM
MD
LG