Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Віктар Юшчанка стане трэцім прэзыдэнтам Украіны


Валер Каліноўскі, Кіеў Вынікі перагаласаваньня другога туру выбараў прэзыдэнта Ўкраіны сьведчаць пра ўпэўненую перамогу лідэра апазыцыйнага блёку “Сіла народу” Віктара Юшчанкі. Паводле апошніх зьвестак ЦВК Украіны, пасьля падліку 99,36% выбарчых пратаколаў, Юшчанка мае 52,18% падтрымкі, ягоны супернік прэм’ер Віктра Януковіч – 44,03%. Яўка выбарцаў была меншай чым 21 лістапада і склала 77,22%.

Старшыня ЦВК Украіны Яраслаў Давыдовіч назваў паўторнае галасаваньне па выбарах прэзыдэнта дэмакратычным. Скаргі, якія цяпер надыходзяць, на думку Давыдовіча, не ставяць пад сумнеў агульны характар выбараў.

Перагаласаваньне прайшло па новым законе, які засьцярог ад масавых фальсыфікацыяў шляхам галасаваньня на даму і з выкарыстаньнем адмацавальных талёнаў. Гэткую ацэнку галасаваньню даў Камітэт выбарцаў Украіны, які назваў мінулыя выбары крокам наперад у пляне дэмакратычнасьці. У пераносныя скрынкі прагаласавала крыху больш за паўмільёна выбарцаў, з адмацавальнымі талёнамі – 12 тысячаў.

Апошнія лічбы атрыманых Віктрарам Юшчанкам галасоў, агучаныя ЦВК, меншыя, чым было зафіксавана сацыёлягамі пад час апытаньня экзыт-полаў. Гэта дало штабу Юшчанкі падставу лічыць, што пэўныя фальсыфікацыі і гэтым разам адбываліся ва ўсходніх абласьцях Украіны, дзе зноў была зафіксаваная затрымка з прадстаўленьнем канчатковых зьвестак па яўцы.

Штаб Юшчанкі ацэньвае ўзровень фальсыфікацыяў у 5 адсоткаў на карысьць Януковіча.

У штабе Януковіча таксама заявілі пра фальсыфікацыі – на карысьць Юшчанкі. Камандай Януковіча пададзена больш за 700 скаргаў на вынікі выбараў у асобных участках. Але зьмяніць агульную карціну выбараў гэта ня можа, лічаць міжнародныя назіральнікі.

Большасьць назіральнікаў прызналі выбары дэмакратычнымі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG