Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дзень трэці: адвакатка Марыніча лічыць, што паказаньні сьведак пацьвярджаюць невінаватасьць Марыніча


Алег Грузьдзіловіч, Менск На працэсе над Міхаілам Марынічам завяршаецца допыт сьведак. Паводле абаронцаў, гэтыя паказаньні пацьвярджаюць невінаватасьць Міхаіла Марыніча. Выявіліся і разыходжаньні ў сьведчаньнях, з чым цяпер спрабуе разабрацца суд.

У Менскім раённым судзе 27 сьнежня працягваўся працэс над былым міністрам і амбасадарам Міхаілам Марынічам, якога абвінавачваюць у незаконным валоданьні зброяй і крадзяжы маёмасьці няўрадавай арганізацыі “Дзелавая ініцыятыва”.

Ужо далі паказаньні каля 10 сьведак. Сярод іх супрацоўнік КГБ Тананайка, які сьцьвярджаў, што менавіта ён знайшоў на лецішчы Міхаіла Марыніча пісталет, на які няма дазволу. Пісталет, паводле сьведкі, захоўваўся у шафе пад рэчамі, а ў пакоі вакол нібыта быў парадак. Аднак, паводле іншых сьведак, шафа была парожняй, а рэчы зь яе былі раскіданыя на падлозе.

Супярэчлівымі былі і паказаньні наконт таго, чым было закрытае вакно ў пакоі – шклом ці фанэрай. Нагадаем, Міхаіл Марыніч настойвае на тым, што на ягонае лецішча праз разьбітае вакно забраліся невядомыя злодзеі і, магчыма, падкінулі яму пісталет.

Паказаньні супрацоўніка КГБ Тананайкі фактычна абвяргаюць гэтую вэрсію. Сёньня сусед Марыніча па лецішчы спадар Півавараў засьведчыў суду, што прыкметы пранікненьня ў дом Марыніча, сапраўды, былі.

Працягваецца і вывучэньне эпізоду пра маёмасьць няўрадавай арганізацыі “Дзелавая ініцыятыва”. Даў паказаньні Аляксандр Кандратовіч, які называе сябе намесьнікам старшыні арганізацыі.

Ён патлумачыў, чаму “Дзелавая ініцыятыва” не прад’явіла Марынічу матэрыяльных прэтэнзіяў адносна нібыта скрадзеных кампутараў.

“Іх атрымліваў сам Марыніч і мы ня маем да гэтага ніякага дачыненьня”,– заявіў Аляксандр Кандратовіч. Нагадаем, гаворка ідзе пра кампутары і іншую аргтэхніку, якую амэрыканская амбасада перадала ў часовае карыстаньне. Амэрыканская амбасада таксама не выказвала прэтэнзіяў Міхаілу Марынічу наконт гэтай тэхнікі.

Неўзабаве суд пяройдзе да вывучэньня дакумэнтаў справы, а потым і да судовых спрэчак. Адвакат Марыніча Вера Страмкоўская гэтак пракамэнтавала паказаньні сьведак.

(Страмкоўская: ) “Я лічу, што ў паказаньнях сьведак тое, што тычыцца маёмасьці, а таксама адносна пісталета – гэта ўсё ідзе на карысьць Марыніча”.

Прадстаўнік пракуратуры ад камэнтароў пакуль адмаўляецца.

Міхаіл Марыніч быў арыштаваны восем месяцаў таму – 26 красавіка. Паводле прад’яўленых абвінавачваньняў яму пагражае да 15 гадоў зьняволеньня. Міхаіл Марыніч вінаватым сябе не прызнае і тлумачыць перасьлед палітычнымі прычынамі.

Гл. таксама • Другі дзень: на судзе над Міхаілам Марынічам пачаўся допыт першых сьведкаў • У першы дзень суду над Марынічам вывучаліся, магчыма, незаконна зробленыя запісы яго тэлефонных размоваў • ЗША абвяргаюць “крадзеж кампутараў” і заклікаюць вызваліць Марыніча • Міхаіл Марыніч назваў цынічным працэс, які пачаўся над ім у Менскім раённым судзе, а перад будынкам суду "Зубр" зладзіў акцыю пратэсту • Эўразьвяз: “Марыніча трымаюць у ізалятары паводле палітычна матываваных, як шмат хто мяркуе, абвінавачаньняў” • За пачаткам суду над Міхаілам Марынічам назіралі амбасадары і дыпляматы краінаў Эўразьвязу, ЗША і АБСЭ • Прэзыдэнт Латвіі: “Скрайне сумна назіраць за разьвіцьцём падзеяў у Беларусі” • Амбасада Беларусі ў Рызе абвяргае палітычную прыроду працэсу над Марынічам
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG