Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Як паставіўся афіцыйны Менск да перамогі Віктара Юшчанкі?


Юры Сьвірко, Менск Аляксандар Лукашэнка пакуль не выказаўся наконт перамогі Віктара Юшчанкі. Беларускае МЗС заяўляе пра павагу да выбару ўкраінскага народу й называе Ўкраіну "ключавым эканамічным і палітычным партнэрам Беларусі". А сакратар беларускага Цэнтарвыбаркаму кажа, што незадавальненьне прыхільнікаў Віктара Януковіча вынікамі выбараў не выплесьнецца на вуліцы.

Аляксандар Лукашэнка яшчэ ня выказаў свайго стаўленьня да вынікаў прэзыдэнцкіх выбараў ва Ўкраіне. Нагадаю, што пасьля другога туру гэтых выбараў спадар Лукашэнка на дзень пазьней за расейскага прэзыдэнта Ўладзімера Пуціна павіншаваў Віктара Януковіча зь перамогай.

Як паведамляла тады прэсавая служба Лукашэнкі, падчас тэлефоннай размовы суразмоўцы выказаліся за далейшае разьвіцьцё беларуска-ўкраінскіх дачыненьняў. Цяпер кіраўнік прэсавай службы Аляксандра Лукашэнкі Павал Лёгкі заяўляе:

(Лёгкі: ) “Пакуль не магу нічога сказаць пра рэакцыю кіраўніка дзяржавы. Я так разумею, вас цікавіць рэакцыя кіраўніка дзяржавы й ці будзе нейкае віншаваньне. Калі будзе, дык усё гэта крыху пазьней”.

Афіцыйны прадстаўнік Міністэрства замежных справаў Беларусі Руслан Есін, адказваючы на пытаньне Радыё Свабода пра стаўленьне да вынікаў украінскіх выбараў, адзначыў, што беларускі бок уважліва сочыць за хадою выбарчае кампаніі ва Ўкраіне – больш за 30 прадстаўнікоў Беларусі былі назіральнікамі ад Выканкаму СНД, а трое супрацоўнікаў МЗС былі дэлегаваныя ў склад місіі Бюро дэмакратычных інстытутаў і правоў чалавека АБСЭ.

(Есін: ) “Для нас найважнейшым крытэрам ацэнкі выбарчага працэсу ва Ўкраіне ёсьць правядзеньне сумленных і свабодных выбараў. Мы з павагай ставімся да сувэрэнітэту Ўкраіны й выбару ўкраінскага народу. Украіна ёсьць ключавым эканамічным і палітычным партнэрам Беларусі. Мы маем намер і надалей разьвіваць стасункі з Украінай у атмасфэры сяброўства”.

Нагадаю, што Цэнтарвыбаркам Беларусі не накіроўваў сваіх назіральнікаў на другі тур выбараў ва Ўкраіне, але накіраваў на трэці. Пасьля другога туру сакратар ЦВК Мікалай Лазавік сказаў Радыё Свабода, што канкурэнты аказаліся раўнасільнымі, відавочнай перамогі кагосьці не было. Аднак ва Ўкраіне ня будзе такога, каб той, хто пацярпеў паразу, першым павіншаваў свайго суперніка зь перамогай.

Цяпер спадар Лазавік заявіў, што трэці тур будзе, відавочна, для Ўкраіны апошнім:

(Лазавік: ) "Бок, які стаіць за Януковічам, менш ваяўнічы, і найхутчэй незадавальненьне вынікамі выбараў не выплесьнецца на вуліцы. Гэта мая суб''ектыўная думка”.

Спадар Лазавік таксама назваў "незайздроснай" долю ўкраінскага Цэнтарвыбаркаму, нагадаў пра нестабільнасьць заканадаўства падчас выбараў і сказаў, што інстытут міжнародных назіральнікаў выступіў актыўным удзельнікам выбарчага працэсу, “калі ацэнка вынікаў выбараў стала залежаць ад канкрэтнага выніку”.
XS
SM
MD
LG