Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Як сучасныя беларусы сьвяткуюць Каляды?


Севярын Квяткоўскі, Ратамка-Менск Ці могуць бацькі зрабіць сваім дзеткам традыцыйнае каляднае сьвята? Многія сем’і шукаюць альтэрнатыву ранішнікам ды масавікам-зацейнікам на гарадзкіх пляцоўках. Людзі гуртуюцца, каб зладзіць сваю сьвяточную імпрэзу. На адной з такіх імпрэзаў пабываў карэспандэнт “Свабоды”.

Вялікі дом у пасёлку Ратамка, што пад Менскам. Дом поўны дзетак узростам ад году да васьмі. Іхныя бацькі – хто з Ратамкі, хто зь Менску, разам пяць сем’яў. Дарослых аб’яднала жаданьне зрабіць дзеткам незвычайны калядны падарунак. Бацькі скаапэраваліся, і запрасілі дадому сапраўдную беларускую батлейку.

Перад вачыма зачараваных прысутных разгортваецца часам вясёлая, часам страшная, таямніча-казачная дзея.

(Хлопчык: ) “Мне спадабалася, як Кашчэй Бясьсьмертны забіў Караля”.

(Другі хлопчык: ) “Мне спадабалася, як баба, калі рыхтавалася да сьвята сказала: “Яшчэ ты мяне вучыць будзеш!”

(Карэспандэнт: ) “Вы часта бачылі Батлейку?”

(Спадарыня: )”"Першы раз. Мне цікава. І гісторыя беларуская, і як да калядаў рыхтуюцца”.

(Другая спадарыня: ) “А дзе яе пабачыш? У ТЮГу быў адзіны калядны спэктакль “Па дарозе ў Бэтлеем”. А яго зьнялі з рэпэртуару, і зараз нідзе нічога каляднага для дзяцей няма. Ну і для дарослых нічога няма”.

Для дарослых гаспадары Батлейкі, якія клічуць сябе пан Скіргайла і пан Тарас, рыхтуюць адмысловыя сцэнары:

(Скіргайла: ) “Калі мы паказваем моладзі і дарослым, то там мы ўжо адрываемся, як жадаем: “(сіпатым голасам) Не прыбліжацца ка мне на расстаяніе меншае аўтаматнае очарадзі, і не ўдаляцца ад міня на расстаяніе больша дасягаемасьці маіх органаў”.

Абыгрываць сучасныя рэаліі – традыцыя Батлейкі. Вядома, дзеткі жывуць у сваім чароўным сьвеце, далёкім ад турботаў дарослых. А мае дарослыя суразмоўцы кажуць, што ня толькі хочуць прывіць сваім дзецям беларускія традыцыі, але навучыцца самім:

(Спадарыня: ) “Вырашылі, што трэба зь цяперашняга году пачаць калядаваць”.

У плянах на бліжэйшы сьвяточны тыдзень – ня толькі калядаваньне па ратамскіх дамах, але й спроба арганізаваць у Менску вялікую беларускамоўную дзіцячую імпрэзу да Новага Году.
XS
SM
MD
LG