Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Эпіграмы Рыгора Барадуліна на супрацоўнікаў беларускай “Свабоды”


Аляксандар Уліцёнак, Менск Напярэдадні калядных сьвятаў у менскім Доме літаратара адбылася паэтычная вечарына, прысьвечаная выхаду ў сьвет кнігі Рыгора Барадуліна “Дуліна ад Барадуліна”. У яе ўвашлі эсэ, показкі й эпіграмы дзядзькі Рыгора, якія прагучалі сёлета на нашых хвалях у цыклі “Лета з Барадуліным”. Ёсьць у кнізе і прысьвячэньні журналістам-свабодаўцам з нагоды 50-годзьдзя Беларускай службы Радыё Свабода. Якія ж “дуліны” накруціў рэдакцыі прызнаны майстра дасьціпнага слова? Ля мікрафона рэдактар і ўкладальнік кнігі Аляксандар Уліцёнак.

Дзядзька Рыгор ня проста выдатна ведае журналістаў, але й шмат з кім даўно сябруе. А сябрам ён здаўна прывык круціць сакавітыя паэтычныя “дуліны”. Адзін з герояў летняга свабодаўскага цыклю Станіслаў Шушкевіч прызнаўся, што пабойваўся эпіграмнай, так бы мовіць, увагі Барадуліна да сябе: “Рыгор Іванавіч, вельмі баюся, што як храсьнеце, дык ратунку ня будзе!”. Той бяз жартачак: “Заслужыш – дык і храсну!”

Вось і мы “заслужылі” з нагоды свабодаўскага юбілею. Пра яго дзядзька Рыгор адазваўся так:

Хапіла абяцанай манны, Ідэйных нараў і начы. Будзі, “Свабода”, край заспаны, Вучы любіць сябе, Гучы!

“Гучы”... Гукам у нас займаюцца Анатоль Бублікаў, Аляксандар Гурыновіч, Анатоль Додзь. І, мяркуючы па лагоднай танальнасьці дзядзькі Рыгора, атрымліваецца гэта ў іх няблага:

Наш гукамаг – Штукар вялікі, Ён зробіць салаўя з заікі...

А дапамагаюць “перакладаць” тых “салаўёў” стыльрэдактары, вэб-мастакі Аляксандра Макавік, Юрась Бушлякоў, Вольга Курбатава, Уладзімер Каткоўскі. Гэтая дружная кампанія...

...Умее зрушана, нязмушана Сайт па-крывіцкі ўбачыць так, Што сайт Рашуча зьбеларушвае Ўсіх праз дапытны Інтэрнэт, Каму баліць крывіцкі сьвет...

Сярод тых журналістаў, якія злучаюць крывіцкую гісторыю зь сёньняшнім днём – Галіна Абакунчык, Сяргей Астраўцоў, Аляксей Дзікавіцкі, іншыя, напрыклад – Алена Сьцяпанава...

...Зь безагляднасьцю закахана Ва ўсё крывіцкае Панна Сьцяпанава...

Ці яшчэ адзін добра вядомы слухачам свабоды журналіст:

Дубавец “Вострай Брамы”, Як мужны рыцар, Даганяе наступнасьць на крылатым кані, Каб Віленскі край не сьпяшаўся забыцца Пра свае крывіцкія карані...

Без дапамогі Пэгасу ў нашай справе цяжкавата. Але як па прозе жыцьця, дык за інфармацыяй для радыё лепш ганяцца на добрым аўто. Менавіта такім прынцыпам кіруецца самая “маторная” карэспандэнтка Свабоды Ілона Іванова:

Хай галалёд, хай град, Хай золь, хай сьпёка – Ня ведае імклівая Ілона, Што значыць слова дзіўнае – “далёка” Таму Ілона любіць слова “плённа”. Машыну разганяе так, Што тая, Абы ня стаць запчасткамі, Ўзьлятае...

Ну а куды менавіта ляціць тая “машына часу” – наступным разам!
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG