Лінкі ўнівэрсальнага доступу

27 сьнежня нарадзіліся Марлен Дытрых, Анатоль Вялюгін, Жэрар Дэпардзьё


Ул .інф. Што адбывалася ў Беларусі і ў сьвеце 26 і 27 сьнежня

Спачатку – пра памятныя даты ўчорашняе нядзелі.

26 сьнежня 1926 году выйшаў на экраны першы беларускі мастацкі фільм “Лясная быль”. Зьняў яго кінарэжысэр Юры Тарыч паводле аповесьці Міхася Чарота “Сьвінапас”. Цікава, што рабіліся першыя беларускія фільмы ў Расеі, у тагачасным Ленінградзе – па-беларуску. Калі ж кінастудыя перабралася ў Беларусь, у Менск, фільмы пачалі здымаць і цяпер здымаюць па-расейску.

26 сьнежня 1937 году ў Менску НКВД расстрэльвае двух дзеячоў беларускага адраджэньня: актора Антона Ждановіча, які з 1917 году граў у вандроўных тэатральных трупах, а пасьля ў Белдзяржтэатры-1 пад псэўданімам Антук Крыніца, і этнографа і мовазнаўцу Мікалая Касьпяровіча, які быў адным з галоўных завадатараў краязнаўчага руху ў БССР 20-х гадоў.

26 сьнежня ў розныя гады прыйшлі на сьвет кампазытар, народны артыст Беларусі Яўген Цікоцкі – заснавальнік жанраў опэры і сымфоніі ў беларускай савецкай музыцы – і кітайскі камуністычны кіраўнік Мао Цзэ Дун.

Цяпер – пра сёньняшні каляндар.

27 сьнежня ў розныя гады пакінулі гэты сьвет беларускі кампазытар нямецкага паходжаньня Ян Голанд, які пісаў опэры ў Нясьвіжы пад апекаю Радзівілаў, а пасьля працаваў выкладчыкам у Віленскім унівэрсытэце; беларускі паўстанец Зыгмунд Мінейка, які падчас паўстаньня Каліноўскага быў вайсковым кіраўніком у Ашмянскім павеце, а пасьля ўдзельнічаў у вайне Грэцыі з Турцыяй за востраў Крыт і стаў ганаровым грамадзянінам Грэцыі; беларускі мовазнавец Антон Антановіч, які сваю навуковую кар’еру прысьвяціў вывучэньню Кітабаў – сярэднявечных мусульманскіх кніг, напісаных па-беларуску арабскімі літарамі.

27 сьнежня 1932 году ў СССР уводзіцца пашпартная сыстэма і абавязковая прапіска па месцы жыхарства. Пасьля кастрычніцкага перавароту 1917 году пашпарты ў Савецкім Саюзе былі адмененыя як адна з праяваў царскай адсталасьці і дэспатызму. Але эўфарыя ўсеагульнага камуністычнага шчасьця хутка скончылася. Цяпер парушэньне ўжо савецкага пашпартнага парадку цягнула за сабою крымінальную адказнасьць.

27 сьнежня ў розныя гады нарадзіліся амэрыканская артыстка і сьпявачка нямецкага паходжаньня Марлен Дытрых, беларускі паэт Анатоль Вялюгін і вядомы францускі кінаактор Жэрар Дэпардзьё.
XS
SM
MD
LG