Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Беларусі на выбарах прэзыдэнта Ўкраіны бальшыня ўкраінцаў прагаласавала, як і ў мінулы раз, за Януковіча


Алесь Дашчынскі, Менск 26 сьнежня выбарчыя ўчасткі былі адчыненыя ў пасольстве Ўкраіны ў Менску, а таксама ва ўкраінскім кансуляце ў Берасьці. За каго галасавалі грамадзяне Ўкраіны ў Беларусі й чым яны матывавалі свой выбар? Такое апытаньне наш карэспандэнт правёў у Менску ля ўкраінскай амбасады.

(Спадарыня: ) “Я галасавала за Януковіча, годны чалавек, які падняў з руінаў Украіну, ён пэнсію падняў нам, шахцёрам цяпер усе заробкі пагасіў да грама. А калі быў у нас 13 гадоў прэзыдэнтам Кучма, ён нас паставіў на калені, галодныя і халодныя людзі”.

(Спадарыня: ) “Мы тут ужо год. Я сама беларуска, я сюды хацела заўжды, я рада, што я адтуль зьехала, але мне баліць душа, што там такая брыдота. Мы прыйшлі прагаласаваць за Януковіча, каб хоць крышку дапамагчы няшчаснай Украіне”.

(Спадар: ) “Я за Юшчанку галасаваў, але мінулы раз я галасаваў за Януковіча. Я патэлефанаваў родным ва Украіну, для іх бліжэй Юшчанка. Я неяк ужо з салідарнасьці далучыўся да іх. Вельмі многія лічаць, што будзе Юшчанка прэзыдэнтам, больш хочуць нейкіх пераменаў. І неяк тэлебачаньне беларускае крыху ў крывым люстэрку паказвае ўсе падзеі ва Ўкраіне, зноў жа з пазыцыі Лукашэнкі”.

(Спадар: ) “За Юшчанку, думаю пераможа Юшчанка і будзе больш-менш, надакучыла ўжо старое жыцьцё, трэба нешта іншае”.

(Спадарыня: ) “За Юшчанку, канешне, таму што я ўкраінка. Мы ўжо проста ўсе стаміліся, хочацца каб ужо была стабільнасьць ва Ўкраіне, каб нехта прыйшоў да ўлады і быў прэзыдэнт. Канешне, мы ўсе за Юшчанку, таму што мы за прагрэс”.

Паводле інфармацыі з выбарчага ўчастка ў Менску, які знаходзіўся ва ўкраінскай амбасадзе, там прагаласавала 24 працэнты выбарцаў ад агульнага сьпісу. За Віктара Януковіча аддалі свае галасы 61,5 працэнта выбарцаў, а за Віктара Юшчанку – 35 працэнтаў.

Крыху іншая сытуацыя ў Берасьці, хаця там таксама перамог Віктар Януковіч. Як паведаміў кіраўнік выбарчай камісіі, якая знаходзілася ва ўкраінскім кансуляце ў Берасьці, за Віктара Януковіча аддалі свае галасы 55 працэнтаў, і за Віктара Юшчанку – 41 працэнт выбарцаў, якія прыйшлі галасаваць. Усяго ў Берасьці прагаласавала 257 чалавек.

У Менску і ў Берасьці выбары прайшлі спакойна і арганізавана, яўка выбарцаў была на роўні мінулага разу, ніякіх парушэньняў не зафіксавана. Дарэчы, у часе галасаваньня ва ўкраінскай амбасадзе ў Менску прысутнічалі два афіцыйныя назіральнікі з Украіны, якія прадстаўлялі блёк Віктара Юшчанкі “Наша Ўкраіна”. У часе майго апытаньня выбарцаў у Менску адзін з грамадзянаў, кіроўца-дальнабойшчык з Закарпацьця Васіль Чыкета, паскардзіўся, што яму не дазволілі прагаласаваць.

(Чыкета: ) “На дадзены момант я прыехаў у Менск у камандзіроўку, спэцыяльна прыйшоў з тэрмінала, каб прагаласаваць, а на мяне няма ніякіх дакумэнтаў, і вось не далі прагаласаваць. Я сказаў, каб мяне ўнесьлі ў сьпіс, а яны кажуць – за 5 дзён, а за пяць дзён гэта не рэальна, бо я ж казаў, ня ведаеш дзе будзеш”.

А як рэагавалі беларусы на выбары ўкраінскага прэзыдэнта? Сябры Маладога фронту намерваліся правесьці каля ўкраінскай амбасады акцыю ў падтрымку Віктара Юшчанкі, але менскія ўлады далі дазвол на плошчу Бангалор. Тлумачыць намесьнік старшыні Маладога фронту Зьміцер Дашкевіч.

(Дашкевіч: ) “Мы плянавалі выйсьці з транспарантамі да амбасады – ну, калі забаранілі, то мы ўжо людзей падстаўляць не будзем, падтрымаем так маральна ўкраінскі народ. Таму што мы віншавалі, хадзілі пасьля першага тура выбараў, нас там прынялі добра. Павіншуем проста, калі забаранілі”.

Сябры Маладога фронту перадалі праз дыпляматаў украінскай амбасады ў Менску свой зварот да Віктара Юшчанкі. У ім гаворыцца: “Малады фронт і ўся беларуская моладзь выказвае салідарнасьць з украінскім народам у змаганьні за эўрапейскі шлях краіны. Мы цалкам упэўненыя ў вашай перамозе і працягу дэмакратызацыі ўкраінскага грамадзтва”.

Адзін зь беларусаў, які суправаджаў грамадзяніна Ўкраіны на выбарчы ўчастак ва ўкраінскай амбасадзе, выказаў свой погляд на сытуацыю:

(Спадар: ) “А беларусаў завідкі бяруць, як украінцы змаглі так добра абудзіцца, як змаглі сабрацца. Хацелася б каб у нас некалі людзі так абудзіліся і захацелі таго чалавека, які б ім вельмі спадабаўся”.
XS
SM
MD
LG