Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Віктар Юшчанка: “Мы 14 гадоў былі незалежнымі, але зараз мы сталі вольнымі”


Валер Каліноўскі, Кіеў Ва Ўкраіне апазыцыя сьвяткуе перамогу на прэзыдэнцкіх выбарах – паводле папярэдніх вынікаў перагаласаваньня другога тура перамагае лідэр апазыцыі Віктар Юшчанка. Ягоны супернік Віктар Януковіч гаворыць пра масавыя парушэньні і гатовасьць аспрэчыць вынікі выбараў у судзе.

На 6.30 раніцы ЦВК падлічыў 87,91 адсотка выніковых пратаколаў з выбарчых участкаў, паводле іх лідзіруе Віктар Юшчанка, за якога прагаласавалі 54,19 адсотка выбарцаў, за прэм’ера Віктара Януковіча прагаласавала 42,03 адсотка выбарцаў. Разрыў складае прыблізна 3 мільёны галасоў, што складае 12 адсоткаў, што блізка да тых 15 адсоткаў разрыву, пра якія паведамлялі асноўныя сацыялягічныя службы, якія ўчора праводзілі апытаньне экзыт-пол на выхадах з участкаў. Паралельны падлік галасоў даваў крыху большы разрыў, але адзін з кіраўнікоў штабу Юшчанкі Пятро Парашэнка лічыць, што ўрэшце лічбы іх паралельнага падліку і лічбы ЦВК супадуць, бо праца ЦВК стала празрыстай і сумленнай.

Прыхільнікі Віктара Юшчанкі да самай раніцы сьвяткавалі ў Кіеве перамогу іх кандыдата. Першыя словы ў звароце да журналістаў Віктара Юшчанкі пасьля таго, як сталі вядомыя папярэднія вынікі, былі: “Адбылася перамога ўкраінскай нацыі”.

(Юшчанка: ) “Мы 14 гадоў былі незалежнымі. Але зараз мы сталі вольнымі. Ва Ўкраіне распачынаецца новы палітычны год. Мінулася эра Кучмы, Януковіча... Сёньня мы перагортваем старонку непавагі да чалавека, брахні, цэнзуры й гвалту. Людзі, якія цягнулі краіну ў прорву, сёньня, у гэтыя хвіліны, сыходзяць у мінулае. Гэта калясальная заслуга ўсіх. Пачынаецца новая эпоха новай вялікай дэмакратыі”.

Тым ня меней, выступаючы гэтай ноччу на Майдане незалежнасьці, Віктар Юшчанка заклікаў сваіх прыхільнікаў не разыходзіцца, а абараняць перамогу. Аднак і ён, і ягоныя паплечнікі ўжо думаюць і пра маштабныя задачы, якія стаяць перад новай уладай, і пра вялікія чаканьні насельніцтва.

Таксама яны гавораць пра аб’яднаньне ўкраінскай нацыі пасьля выбараў: Юшчанка прапанаваў ужо правесьці круглы стол усіх палітычных элітаў, а Юлія Цімашэнка гатовая ў бліжэйшы час паехаць у Данецк.

У гэтай сытуацыі вельмі цікава, як ацэньвае выбары і што зьбіраецца рабіць кандыдат ад улады, які прайграе – Віктар Януковіч. Ці ня хоча ён паўтарыць сцэнар, які выканала апазыцыя пасьля 21 лістапада?

Віктар Януковіч адразу пасьля завяршэньня галасаваньня выказваў ўпэўненасьць, што перамог ён, хаця большая частка ягонага выступу была прысьвечаная парушэньням выбарчага заканадаўства. Тэрытарыяльныя штабы Януковіча на гэты час падрыхтавалі 351 скаргу на парушэньні. Асноўныя прэтэнзіі дзьве: агітацыя за Юшчанку пад час галасаваньня і пазбаўленьне часткі выбаршчыкаў права прагаласаваць па адмацавальных талёнах і на даму.

(Януковіч: ) “Парушэньне правоў чалавека – гэта галоўнае пытаньне, якое мы адчулі падчас гэтай перадвыбарчай кампаніі, падчас выбараў. І я зь вялікім сумам скажу шчыра: тых людзей, над якімі сёньня фактычна насьмяяліся гэтым законам, выкрасьлілі, як людзей. Людзей, якія будавалі гэтую краіну”.

У штабе Януковіча выказваюць гатовасьць аспрэчваць вынікі выбараў у судах, у тым ліку ў Вярхоўным. Не выключаецца, што ў Кіеў прыедуць адстойваць свой выбар прыхільнікі Януковіча з Усходу Ўкраіны. Хаця ўсё ж трэба прызнаць, што нейкага асаблівага энтузіязму наконт пэрспэктываў аспрэчваньня вынікаў выбараў ў выказваньнях ані самога Януковіча, ані кіраўніка ягонага выбарчага штабу Чарнавіла няма. Канчатковага рашэньня, ці будзе абскарджаньне, яшчэ няма, хаця Чарнавіл і заяўляе, што сфальсыфікавана 3 мільёны галасоў. Процістаяньне будзе – але, напэўна, не такое жорсткае, як пасьля 21 лістапада.

У цэлым трэба прызнаць, што выбары прайшлі нашмат больш спакойна, чым чакалася, яны былі больш празрыстымі. Кіраўнік місіі назіральнікаў ад АБСЭ Герт Арэнс ужо даў высокую ацэнку выбарчаму працэсу. Гэтым разам нашмат меней людзей галасавалі з адмацавальнымі талёнамі. Крыху ўпала яўка выбарцаў, якая ў Данецкай вобласьці падчас мінулага туру галасаваньня складала фантастычныя 96 адсоткаў.
XS
SM
MD
LG