Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Стыхійныя ёлачныя кірмашы ў Гомелі


Казімір Яноўскі, Гомель З набліжэньнем калядных сьвятаў ды Новага году ў густанаселеных мікрараёнах Гомеля ўзьнікаюць стыхійныя ёлачныя кірмашы. За невялікую плату гараджанам прапануюць ёлкі, галінкі ад іх, іншым разам нават і маладыя сасонкі.

Ёлачны ажыятаж сёлета яшчэ не дасягнуў сваёй вяршыні. Пік яго звычайна прыходзіцца на апошнія тры-чатыры дні перад Новым годам. Але й напярэдадні каталіцкіх Калядаў трапляліся добраахвотнікі, што прапаноўвалі гараджанам набыць навагоднія ёлкі.

Двух такіх гандляроў я напаткаў блізу Давыдаўскага рынку.

(Карэспандэнт: ) “Ну, як ідзе ёлачны гандаль”?

(Мужчына: ) “Вельмі добра купляюць”.

(Карэспандэнт: ) “А на ёлках можна крыху зарабіць”?

(Мужчына, сьмеючыся: ) “Можна, але ж трэба папрацаваць”.

Адпаведных квіткоў на высечку ёлак гандляры не паказалі. Але ёлкі нахвальвалі й пераконвалі, што прывезены яны з-пад Буда-Кашалёва, з чыстага ад радыяцыі лесу. Зрэшты, гэтак кажуць усе гандляры, прапануючы гараджанам ёлкі да Новага году.

Радыёлягі, у сваю чаргу, папярэджваюць, што ёлкі на стыхійных кірмашах далёка не заўсёды бясьпечныя. Распавядае загадчык аддзелу радыяцыйнага кантролю абласнога лесагаспадарчага аб’яднаньня Вячаслаў Жукаў:

(Жукаў: ) “Паводле нашых зьвестак, бліжэйшыя да Гомелю добрускія, веткаўскія лясы асабліва моцна заражаныя радыяцыяй. Узровень забруджваньня ёлак тут у 7 і болей разоў перавышае дапушчальны ўзровень. Яны небясьпечныя для здароўя. Калі ёлкі на кірмашах прадаюць самі лясьніцтвы ці розьнічны гандаль, яны гарантавана дасьледаваныя. Нашы радыёлягі абавязкова правяраюць плянтацыі, пасадкі”.

Лясьніцтвы сёлета разам зь дзяржаўтаінспэктарамі арганізавалі ўзмоцненую ахову лясных масіваў, каб не дапусьціць сюды ёлачных браканьераў. Штрафы за самавольныя высечкі ёлак дасягаюць 100 тысячаў рублёў.

Аднак і браканьеры зьмянілі тактыку. Яны сталі выкарыстоўваць дызэльныя цягнікі, каб прывезьці ў горад з паўдзесятка ёлак. Да барацьбы з экалягічнымі браканьерамі далучылася й транспартная міліцыя.

І ўсё ж стыхійныя ёлачныя кірмашы пакуль не пераможаныя. Афіцыйныя ж распачаліся ў горадзе толькі зь сёньняшняга дня.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG