Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Украіна ў чаканьні “трэцяга туру” выбараў


Валер Каліноўскі, Менск Сёньня ва Ўкраіне завяршаецца перадвыбарчая агітацыя за кандыдатаў у прэзыдэнты Віктара Юшчанку і Віктара Януковіча. Вярхоўная Рада заклікала народ Украіны не паддавацца на магчымыя правакацыі пад час перагаласаваньня другога туру выбараў 26 сьнежня.

Паводле апошніх зьвестак Украінскага інстытуту сацыяльных дасьледаваньняў, за Віктара Юшчанку гатовыя галасаваць на выбарах на 14 адсоткаў рэспандэнтаў больш, чым за Віктара Януковіча.

Агітацыйная кампанія перад так званым “трэцім турам” галасаваньня прайшла спакойна, адзінае, што выбарчыя штабы кандыдатаў абвінавачвалі адзін аднаго ў падрыхтоўцы правакацыяў, якія могуць сарваць выбары.Сёньня кіраўнікі ўсіх праваахоўчых органаў Украіны паабяцалі забясьпечыць парадак пад час выбараў, каб не дапусьціць сутычак, кровапраліцьця і актаў грамадзянскай непакоры.

Пракуратура і СБУ таксама гатовыя прыкласьці ўсе намаганьні, каб выбары прайшлі сумленна і празрыста. МУС прыцягне 170 тысячаў міліцыянтаў для аховы выбарчых аб’ектаў, адміністратыўных будынкаў, будзе забясьпечаная таксама ахова назіральнікаў.

СБУ Ўкраіны таксама заявіла, што гэтым разам ня будзе дапушчаны несанкцыянаваны доступ да кампутарнай сыстэмы “Выбары”, а ЦВК паклапацілася і пра альтэрнатыўныя каналы сувязі з выбарчымі ўчасткамі. Колькасьць адмацавальных талёнаў для галасаваньня зьменшаная ў восем разоў. Такім чынам падставаў для фальсыфікацыяў у ранейшых маштабах няма.

Яшчэ адным гарантам ад фальсыфікацыяў зьяўляюцца 300 крымінальных справаў, заведзеных пракуратурай Украіны па выніках парушэньняў пад час галясаваньня 21 лістапада.

Наколькі сур’ёзнай з’яўляецца пагроза іх зрыву, як гэта адбылося 21 лістапада? Наколькі незваротныя зьмены, пачатыя аранжавай рэвалюцыяй?

Кіраўнік інтэрнэт-рэсурса “Прозора політыка” Аляксандар Дзергачоў лічыць, што рознага кшталту прававыя і палітычныя калізіі, зьвязаныя з украінскімі прэзыдэнцкімі выбарамі, далёка не завершаныя.

(Дзергачоў: ) “Ёсьць рызыкі, зьвязаныя са зрывам выбараў, урэшце і Канстытуцыйны суд яшчэ разглядае пытаньне пра адпаведнасьць апошніх зменаў выбарчага закону Канстытуцыі. Паралельна ўзьнікаюць новыя падставы для ўзрастаньня напружанасьці, каб зноў-такі давялося ўмешвацца трэцяй сіле, у якую ператварыўся “дачнік” Кучма.”

Кіеўскі палітоляг Аляксандар Дзергачоў кажа, што рызыка чарговага невыяўленьня вынікаў выбараў існуе. Ён прагназуе, што працэс падвядзеньня вынікаў выбараў будзе доўгім і складаным, са скаргамі, судовымі разьбіральніцтвамі. І ў гэты пэрыяд магчымыя непрадбачаныя падзеі. Але і пасьля падсумаваньня вынікаў выбараў знойдуцца сілы, перадусім тыя, што прайграюць, якія будуць зацікаўленыя ў дэструктыўных падзеях.

(Дзергачоў: ) “Высока верагодны сабатаж, любыя дзеяньні, якія будуць дэстабілізаваць сацыяльна-эканамічную сытуацыю, міжрэгіянальныя адносіны, усё гэта будзе. Такім чынам, трэба рыхтавацца да складанага пераходнага пэрыяду.”

Аляксандар Дзергачоў усё ж перакананы, што пераможа Віктар Юшчанка, і менавіта ён будзе вымушаны шукаць выйсьця з гэтай сытуацыі ва ўмовах завышаных чаканьняў грамадзтва і спустошанай казны.

Іншы ўкраінскі палітоляг Уладзімер Малінковіч перакананы, што сытуацыя ва Ўкраіне ўжо зьмянілася, хаця нельга ўпэўнена казаць пра незваротнасьць пераменаў. Большую частку ўкраінскага грамадзтва апазыцыя заваявала, што стала моцным штуршком для фармаваньня грамадзянскай супольнасьці.

(Малінковіч: ) “Гэтыя дзеяньні апазыцыі, нават тыя, якія ішлі супраць закону, знайшлі падтрымку ўкраінскага грамадзтва. Я кажу гэта, разумеючы, што на Ўсходзе і Поўдні Ўкраіны жыве другая палова жыхароў нашай краіны, але іх лічыць украінскім грамадзтвам я пакуль не магу, на вялікі жаль. Бо гэтыя людзі пераважна яшчэ арыентуюцца на Маскву і інтарэсамі Ўкраіны не прасякнутыя”.

Паводле Ўладзіміра Малінковіча, наступны этап, які чакае Ўкраіну пасьля выбараў, – зьмена палітычнага рэжыму шляхам ажыцьцяўленьня канстытуцыйнай рэформы.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG