Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Другі дзень: на судзе над Міхаілам Марынічам пачаўся допыт першых сьведкаў


Алег Грузьдзіловіч, Менск Другі дзень судовага працэсу над былым міністрам Міхаілам Марынічам пачаўся з допыту сьведкаў. Прагучалі паказаньні, якія разыходзяцца з пазыцыяй абвінавачваньня.

24 сьнежня аднавіўся працэс над Міхаілам Марынічам, які пачаўся днём раней ў Менскім раённым судзе. Учора на адкрыцьцё працэсу ня здолелі патрапіць журналісты – нібыта з прычыны недахопу месцаў.

Сёньня прадстаўнікам мэдыяў месцаў хапіла. Затое ў судовую залу не пусьцілі прадстаўнікоў грамадзкасьці. У прыватнасьці, ня трапіў на суд старшыня Аб’яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька.

Перад будынкам суду працягвалі маўклівае пікетаваньне некалькі дзесяткаў актывістаў “Зубра”.

А пачалося сёньняшняе паседжаньне з таго, што суд далучыў да матэрыялаў справы пастанову пра асобнае расьсьледаваньне таго, адкуль ў Міхаіла Марычы ўзяліся фальшывыя даляры.

Нагадаю, падчас затрыманьня ў красавіку ў былога міністра знайшлі 90 тысяч даляраў, частка якіх пазьней была абвешчаная сьледзтвам фальшывымі.

Марыніч з гэтым ня згодны. І сёньня ў судзе ён патрабаваў, каб з гэтымі грашыма абышліся паводле закону.

(Марыніч: ) “Валюта не фальшывая. На кожнай купюры ёсьць адбіткі пальцаў. Я б прасіў дзяржаўнага абвінаваўцу, наадварот, абараніць мяне ад гэтага нападу і знайсьці, адкуль ўзялася фальшывая валюта… А яна ўзялася з сэйфаў КГБ”.

Пасьля пачалі даваць паказаньні сьведкі, якіх запрасіла абвінавачаньне. Вывучаўся эпізод, які тычыцца маёмасьці арганізацыі “Дзелавая ініцыятыва”. Паводле сьледзтва, яе нібыта скраў былы амбасадар Марыніч, які і ўзначальваў “Дзелавую ініцыятыву”. У сьпісе маёмасьці кампутары, ноўтбукі ды іншая тэхніка, ў тым ліку мабільныя тэлефоны.

Сьведка Аляксандар Пальчынскі пацьвердзіў, што атрымаў ад Міхаіла Марыніча мабільны тэлефон, але заявіў, што тэлефон яму далі толькі ў часовае карыстаньне.

Тое самае заявіў суду і сьведка Юры Лойка. Аднак на просьбу прадстаўніка пракуратуры былі зачытаныя паказаньні Лойкі падчас сьледзтва, дзе ён сьцьвярджаў, што тэлефон яму далі як аплату за выкананую працу ў арганізацыі. Сьведка патлумачыў гэтае разыходжаньне тым, што яго недакладна зразумеў сьледчы.

У перапынку я зьвярнуўся да прадстаўніка пракуратуры Аляксандра Нікуліна з просьбай адказаць на заяву Міхаіла Марыніча пра тое, што гэта палітычны працэс, але Аляксандр Нікулін ад каментара адмовіўся.

Нагадаем, былога міністра і амбасадара Беларусі ў Латвіі Міхаіла Марыніча судзяць нібыта за незаконнае захоўваньне зброі і крадзеж маёмасьці. Яму пагражае да 15 гадоў турмы. Міхаіл Марыніч вінаватым сябе не прызнае.
XS
SM
MD
LG