Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Праваслаўных вернікаў у Воршы заклікаюць маліцца за перамогу Віктара Януковіча


Браніслава Станкевіч, Ворша Кожнаму, хто заходзіць на імшу ў Сьвята-Міхайлаўскую царкву, уручаюць паштоўку з адмысловай малітвай – “Малітвай за раба Божага Віктара Януковіча”

Паштоўкі для аршанскіх праваслаўных вернікаў адмыслова былі дасланыя з Украіны, і выдадзеныя яны, як на іх пазначана, Украінскай праваслаўнай кананічнай царквой.

Гэтыя паштоўкі распаўсюджваюцца ў аршанскай Сьвята-Міхайлаўскай царкве, і намаляваны на іх таксама Сьвяты Архангел Міхаіл, да якога вернікам прапанавана зьвяртацца, каб ён падтрымаў Віктара Януковіча на прэзыдэнцкіх выбарах 26-га сьнежня.

Аршанскі краязнаўца Юрась Копцік далучыў гэтую паштоўку да свае калекцыі мясцовых гістарычных экспанатаў найноўшага часу.

(Копцік: ) “Вось жа такая паштоўка – на першай старонцы каляровая выява Архангела Міхаіла, перагортваеш і чытаеш тэкст. Вось пачатак гэтае малітвы: “Дашлі, Госпадзе, Архангела Твайго Міхаіла на дапамогу рабу Твайму Віктару. Вялікі Архангеле Міхаіле, дэманаў сакрушальніку, забарані ўсім ворагам ягоным, што змагаюцца зь ім, зрабі ўсіх ворагаў паслухмянымі авечкамі, сакрушы іх, яко прах на ветры”.

Паштоўкі з “Малітвай за раба Божага Віктара Януковіча” раздаюць ужо некалькі дзён запар, і аршанцы камэнтуюць гэтую ініцыятыву наступным чынам.

(Спадар: ) “Учора я слухаў па Ватыканскім радыё, што цэлы шэраг украінскіх цэркваў каталіцкага, пратэстанцкага ды праваслаўнага накірунку зьвярнуліся ды сваіх вернікаў, каб яны зрабілі сумленны выбар. І да выбарчых камісіяў, каб яны сумленна лічылі галасы паводле Боскіх ды сьвецкіх законаў. А тут адбываецца нейкая дзіўная справа”.

(Спадар: ) “А я ўвогуле не разумею, чаму беларусы мусяць маліца за Віктара Януковіча. Мне здаецца, што якраз цяпер, напярэдадні вялікіх сьвятаў, калядаў, беларусы мусяць шчыра маліцца ў храмах за сябе і за росквіт нашай Радзімы”.
XS
SM
MD
LG