Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЗША абвяргаюць “крадзеж кампутараў” і заклікаюць вызваліць Марыніча


Юры Сьвірко, Менск Прадстаўнік дзяржаўнага дэпартамэнту ЗША Адам Эрэлі зрабіў пісьмовую заяву пра тое, што беларускія ўлады перасьледуюць Міхаіла Марыніча за ягоныя палітычныя погляды. Ён таксама дадаў, што цяперашні рэжым у Беларусі рабіў такія ж дзеяньні ў дачыненьні да шмат якіх іншых лідэраў беларускай апазыцыі, у тым ліку Анатоля Лябедзькі, абвінавачанага ў паклёпе.

У сваёй заяве намесьнік прэсавага сакратара дзяржаўнага дэпартамэнту ЗША зазначыў, што нібыта скрадзенае Міхаілам Марынічам кампутарнае абсталяваньне было здадзенае ў арэнду няўрадавай арганізацыі, якую сам Марыніч узначальвае.

“Абсталяваньне ўвесь час заставалася маёмасьцю Злучаных Штатаў, і ЗША не вылучаюць ніякіх прэтэнзіяў да амбасадара Марыніча або яго арганізацыі што да выкарыстаньня гэтага абсталяваньня”.

“Мы рашуча асуджаем страшэннае злоўжываньне судовай сыстэмай Беларусі для перасьледу грамадзян з прычыны іхніх палітычных перакананьняў”, – заявіў Адам Эрэлі й дадаў: “Мы заклікаем беларускія ўлады паважаць правы чалавека ды юрыдычныя правы й неадкладна вызваліць амбасадара Марыніча ды іншых палітыкаў, якіх затрымалі, абвінавацілі й асудзілі паводле фіктыўных абвінавачваньняў”.

Як адзначаюць у Вашынгтоне, ЗША ёсьць сталым крытыкам сытуацыі з правамі чалавека ў Беларусі, аднак на гэты раз “карыстаюцца, мажліва, найбольш моцнымі выразамі за ўвесь час, асуджаючы перасьлед Міхаіла Марыніча”.
XS
SM
MD
LG