Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Каталікі й пратэстанты Беларусі сьвяткуюць Божае нараджэньне


Галіна Абакунчык, Менск 24 сьнежня позна ўвечары ва ўсіх каталіцкіх і пратэстанцкіх храмах Беларусі пройдзе Вігілія Божага нараджэньня. У гэтыя хвіліны людзі зьбіраюцца ў бажніцах, моляцца ў чаканьні сьвята. Тэлетрансьляцыя ўрачыстай літургіі на дзяржаўным тэлебачаньні сёлета будзе весьціся з касьцёлу ў Глыбокім. Адмысловыя імпрэзы й рыштунак падрыхтаваныя таксама ў іншых храмах краіны.

У двары Катэдральнага касьцёлу – галоўнага каталіцкага храму Беларусі – зьявілася стаенка, дзе мусіць нарадзіцца дзіцятка Езус. Выглядае яна вельмі па-беларуску: драўляны хлевушок з саламянай страхой, а ў сярэдзіне ясьлі з сенам. Вось што паведамілі маладыя вернікі касьцёлу, якія ўмацоўвалі ўгары калядную зорку з каляровых лямпачак.

(Юнак: ) “Гэта – што мы цяпер рыхтуем – называецца стаенка. У ёй будзе знаходзіцца дзіцятка Езус, які сёньня мусіць нарадзіцца. Тут будзе адбывацца частка літургіі, працэсія да яе магчыма будзе, малітвы. Увогуле зроблена для людзей, каб яны бачылі, каб у іхным жыцьці нешта мянялася, у іхных сэрцах і іхных душах.”

(Карэспандэнтка:) “Самі да сьвята рыхтуецеся?”

(Юнак: ) “Так, вігілійны стол рыхтуем. А ўвечары пойдзем усёй сям’ёй на імшу.”

Супрацоўнікі касьцёлу кажуць, што наведнікаў гэтымі днямі тут вельмі шмат, асабліва актыўна людзі ідуць сёньня.

(Спадарыня: ) “Вельмі-вельмі шмат людзей. Купляюць аплаткі, маленькіх Езусікаў фігуркі. І ўсе вельмі шчасьлівыя, што набліжаецца сьвята вялікае.”

Пра сваю асабістую падрыхтоўку да сьвята Хрыстова нараджэньня ахвотнага гаварылі таксама людзі, які ішлі ў храм.

(Спадар: ) “Асабіста для мяне гэтае сьвята – гэта сьвята радасьці. Гэта жаданьне браць удзел у справах міласэрнасьці, а потым – усё тое, што тычыцца сьвяточнага стала. Як пажаданьне для ўсіх людзей складаю заклік быць адчыненымі на гэты сьвет, на кожнага чалавека. А таксама несьці людзям радасьць Хрыста нованароджанага.”
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG