Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Маладафронаўцы пікетавалі Менскую сувораўскую вучэльню


Альгерд Невяроўскі, Менск Пяцёра актывістаў Маладога фронту пікетавалі 24 сьнежня будынак Менскай сувораўскай вайсковай вучэльні. Яны пратэставалі супраць адлічэньня свайго сябра Алеся Смольскага. Адміністрацыя сувораўскай вучэльні прычыны адлічэньня афіцыйна не патлумачыла.

Актывісты Маладога фронту з Жодзіна й Менску сталі насупраць кантрольна-прапускнога пункту сувораўскай вучэльні. У руках яны трымалі транспарант з надпісам: “Рукі прэч ад Смольскага”.

Актывістка жодзінскай арганізацыі Маладога фронту Анастасія сказала ў інтэрвію Радыё Свабода:

(Анастасія: ) “Мы прыйшлі падтрымаць нашага сябра Сашу, таму, што яго ні за што выганяюць з сувораўскай вучэльні. За тое, што ён нібыта агітаваў на тэрыторыі сувораўскай вучэльні, за тое, што ён сябра Маладога фронту і за тое, што ён хацеў надаць сувораўскай вучэльні імя Касьцюшкі”.

А вось што сказаў сябра Алеся Смольскага Сяржук Слабуха:

(Слабуха: ) “Я прыйшоў сюды таму, што мне сорамна, што ў нашай краіне адбываецца такое. Ні за што выганяюць такіх людзей”.

Празь нейкі час з будынку вучэльні выйшаў сам Алесь Смольскі, які падзякаваў сябрам за падтрымку. Гаворыць Алесь Смольскі:

(Смольскі: ) “Мне кажуць: “Ты выключаны з вучэльні, усё – ты больш не суворавец”. Я ня бачыў ні загаду, нічога ня бачыў. Зараз мой бацька будзе падаваць заяву ў суд. Ён ня бачыў загаду, ня згодны з рашэньнем, паводле якога мяне адлічылі з вучэльні. Ён будзе судзіцца, бо ніякіх канкрэтных прычынаў няма”.

Алесь Смольскi не шкадуе, што спрабаваў сабраць сярод курсантаў подпісы за наданьне вучэльні імя Тадэвуша Касьцюшкі, бо лічыць гэта сваім патрыятычным абавязкам.

Старшыня жодзінскай арганізацыі Маладога фронту Павал Красоўскі сказаў, што ён і ягоныя сябры плянуюць правесьці ў Жодзіне некалькі вулічных акцыяў у падтрымку Алеся Смольскага.

Гл. таксама • Сяргей Смольскі пра выключэньне сына з вайсковай вучэльні: “Дарослыя дзядзькі абвясьцілі вайну дзіцёнку” • Курсанта выключаюць зь Менскай сувораўскай вайсковай вучэльні за сяброўства ў “Маладым фронце”
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG