Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларускі Дзед Мароз – кандыдат біялягічных навук і жыве ў Белавескай Пушчы


Міхал Стэльмак, Менск Для беларускага Дзеда Мароза надышлі гарачыя дні. Чым бліжэй да Новага года, тым больш дзяцей мараць сустрэцца зь ім ды атрымаць ад яго жаданы падарунак. Жыцьцём гэтага казачнага пэрсанажу цікавіўся наш карэспандэнт.

Беларускі Дзед Мароз год таму быў прыдуманы ў Адміністрацыі прэзыдэнта, якая вырашыла пасяліць яго ў Белавескай пушчы. Як паведамілі мне ў прыёмнай Дзеда Мароза, што месьціцца ў мясцовым музэі прыроды, гэтую ролю даверылі выконваць 67-гадоваму Вячаславу Сімакову.

Спадар Сімакоў у свой час працаваў тут навуковым супрацоўнікам пушчы, ён – кандыдат біялягічных навук. Паводле дырэктара музэю Рыгора Раманюка, у Дзеда Мароза цяпер шмат працы:

(Раманюк: ) “Зараз людзі едуць, таму што зацікаўленыя ў гэтым. Бо зьявіўся ў Белавескай пушчы свой Дзед Мароз, які ўвасабляе сабой казкі. У пушчы вельмі вялікі паток зараз. Тысяча чалавек штодзённа наведвае. Пакуль людзі добра адгукаюцца пра беларускага Дзеда Мароза”.

Маёнтак беларускага Дзеда Мароза месьціцца на пятнаццаці гектарах някранутых першабытных лясоў. Гэтымі лясамі, як і ўсёй Белавескай пушчай, распараджаецца Кіраўніцтва спраў прэзыдэнта. Вядомы беларускі эколяг і журналіст Валеры Дранчук, які нядаўна наведаў белавескі маёнтак Дзеда Мароза, занепакоены ўбачаным:

(Дранчук: ) “Я лічу, што гэты праект вельмі і вельмі шкодны. Сілы навуковыя, сілы адміністрацыйныя – усё кінутае на гэты праект. Урэшце, што такое прадмесьце Дзеда Мароза? Прычым тут Белавеская пушча як наша запаведная спадчына? Інакш кажучы, гэты праект можна было разьмясьціць дзе заўгодна: у Асіповіцкім, Пінскім раёнах. Але прычым Белавеская пушча, якая ёсьць нашай запаведнай спадчынай. Усясьветнай спадчынай. Яе нельга вытаптваць – ёсьць такі эфэкт чалавечай карозіі. Мы дзікую прыроду ператвараем у прадмет масавага скарыстаньня. Тут лепш трэба ладзіць прыродалюбныя праекты”.
XS
SM
MD
LG