Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Віцебску праходзяць Дні Хрысьціянскай культуры


Браніслава Станкевіч, Віцебск Паводле ініцыятывы Віцебскай курыі рыма-каталіцкага касьцёлу ўжо трэці год запар на Віцебшчыне праходзяць імпрэзы, прымеркаваныя да Сьвята Божага Нараджэньня.

Перш чым гаварыць уласна пра праграму Дзён хрысьціянскай культуры, я хацела б зьвярнуць увагу на адну акалічнасьць. Да нядаўняга часу неяк лічылася, што ў Віцебску пераважная большасьць жыхароў – гэта праваслаўныя вернікі, і пра эўрапейскую традыцыю сьвяткаваньня Калядаў 24-25 сьнежня тут ня згадвалі. Нават гарадзкую ёлку на Плошчы Волі ставілі звычайна перад самым Новым Годам, 28-га або 29-га сьнежня.

Усё перамянілася ў апошнія два ці тры гады, і сёлета ёлка ў цэнтры гораду стаяла ўжо 10-га сьнежня, а ўжо да сёньняшняга дня ўвесь горад упрыгожаны рознакаляровымі ліхтарыкамі, і ў Віцебску сапраўды адчуваецца нейкая асаблівая далучанасьць да сьвята.

Многія віцябляне адзначаюць, што гэтую сьвяточную атмасфэру ставарае й тое, што да Калядаў апошнім часам рыхтуюцца ня толькі вернікі-каталікі, але й шмат якія гарадзкія ўстановы ды мастацкія калектывы.

Насамрэч, віцебская традыцыя праводзіць на каляды Дні Хрысьціянскай культуры нарадзілася 3 гады таму, а ідэю гэтую падала Людміла Ярмолава, якую я папрасіла сказаць колькі словаў пра сёлетнюю сьвяточную праграму.

(Ярмолава: ) “Праграма падрыхтаваная цікавая. І дзесь ад сярэдзіны сьнежня ўжо пачаліся імпрэзы – выстава дзіцячае творчасьці, будзе фэстываль батлеек у Віцебскім унівэрсытэце, будуць музычныя гасьцёўні, сустрэчы ў парафіях. І яшчэ – выстава нашага парафіяніна Руслана Берліна, які навучаецца ў Коледжы мастацтваў. Яна адчыніцца ў актавай залі абласнога шпіталю”.

Дадам яшчэ да словаў Людмілы Ярмолавай, што сёлета ў сьвяткаваньне ўключаныя выступы музычных ды сьпеўных калектываў, прычым калі тры гады таму імпрэзы Дзён Хрысьціянскай культуры прызначаліся пераважна для дзетак, а ўдзел у іх бралі таксама дзіцячыя калектывы, то цяпер далучыліся і дарослыя мастакі ды выканаўцы.

Таксама да ўдзелу у Днях хрысьціянскай культуры запрашаюцца ня толькі каталікі, але й вернікі іншых канфэсіяў. І яшчэ адна, сёлетняя асаблівасьць: у віцебскім Літаратурным музэі праводзяцца навукова-літаратурныя чытаньні – “Легенды і паданьні Віцебскай зямлі”, “Першыя помнікі пісьменства на Віцебшчыне”, “Калядныя абрады беларусаў” і “Беларуская батлейка”.

Святкаваньні працягнуцца да заканчэньня калядных вакацыяў 9 студзеня, і мяркуецца, што гэтымі днямі школьнікі зь вёсак ды райцэнтраў прыедуць у Віцебск на экскурсіі, а таксама возьмуць удзел у штогадовым Абласным конкурсе батлеек. 5-га студзеня ў Мёрах пройдзе конкурс калядных сьпеваў. А самая ўрачыстая Калядная імша пройдзе гэтай ноччу ў Глыбокім, у касьцёле Прасьвятой Тройцы, і завочна пабываць на ёй змогуць усе ахвотныя, бо Сьвятая імша будзе трансьлявацца адтуль па першым нацыянальным канале тэлебачаньня.
XS
SM
MD
LG