Лінкі ўнівэрсальнага доступу

На сьвяты Камароўка працуе без выходных


Іна Студзінская, Менск У перадсьвяточныя дні самае шматлюднае месца ў Менску – Камароўка. І хоць у апошнія гады зьявіліся сучасныя крытыя рынкі ва ўсіх мікрараёнах сталіцы, менчукі ўсё адно аддаюць перавагу Камароўскаму рынку.

Чаму народ выбірае менавіта Камароўку? Мне падаецца, прычынаў некалькі: па-першае, Камароўка зараз вельмі цывільная, утульная, сьветлая, прасторная. Там сапраўды прыемна купляць. Па-другое, яна ўсё ж такі крыху таньнейшая за іншыя рынкі (прынамсі, у маім мікрараёне на міні-рынку “Ўручча” ўсё на тысячу-другую даражэй). І па-трэцяе, на Камароўцы сапраўды ёсьць усё! Ад беларускага сала да далікатэсных морапрадуктаў і экзатычнай садавіны з Бразіліі, Ізраілю, Аўстраліі...

(Карэспандэнтка: ) “Зараз ёсьць практычна ўсё, з усіх краінаў: ківі, экзатычнае манга, авакада, клубніцы, чарэшня. А цэны?”

(Спадарыня: ) “Цэны кусаюцца. Цэны вельмі кусаюцца”.

(Карэспандэнтка: ) “Ва ўсім сьвеце перад Новым годам, перад Калядамі ўсё таньней становіцца. Ёсьць у нас такое?”

(Голас: ) “Усё даражэй становіцца. Усё значна даражэй. Вось зараз мяне на 40 рублёў аблічылі”.

(Карэспандэнтка: ) “А часта падманваюць на Камароўцы?”

(Голас: ) “Часта. Часта. То на 40 рублёў, то на 100. Вось зараз я пайшла праверыла, і яна мне 40 рублёў вярнула”.

Такім чынам, рынак быццам бы сучасны, а традыцыі застаюцца “базарнымі” – бываюць выпадкі, што падманваюць, абважваюць. Таму пакупнікі ня вельмі давяраюць прадаўцам, і каля кантрольных вагаў – чэргі. Праўда, калі падман, хоць і зусім дробны, выкрыты – пакорліва аддаюць грошы ці абменьваюць няякасны тавар.

А вось кошты перад сьвятамі сапраўды вырасьлі істотна. Добрае мяса каштуе каля 15 тысячаў за кіляграм, а яшчэ тыдзень да Новага году. Прагназуюць, што 30-31 сьнежня цэны на мяса дарастуць да 20 тысячаў за кілю. Але народ купляе. Вакол прылаўкаў з экзатычнай садавінай і гароднінай пакуль пуста. Але, як ні дзіўна, самыя вялікія чаргі ў самым дальнім сэктары, дзе прадаюць сала.

(Карэспандэнтка: ) “Перад Новым годам усе купляюць нейкія экзатычныя прадукты, а вы стаіце за салам у чарзе. Чаму?”

(Голас: ) “Таму што смачна! Проста смачна”.

(Марыя Грамыка: ) “Сала ў нас вельмі смачнае, мяккае і мясное. З Масквы, Пецярбургу, зь Нямеччыны да нас прыязджаюць. Ва Ўкраіну наша сала паехала. У Ізраіль па 20 кіляграмаў на параходзе адпраўляем”.

(Карэспандэнтка: ) “Гэта асаблівыя гатункі сьвіней?”

(Грамыка: ) “Гэта галяндзкая парода сьвіней. Яна мясная і мяккая”.

(Карэспандэнтка: ) “А дзе вырошчваюць такіх сьвіней?”

(Грамыка: ) “У Лідзе. Сваё, хатняе. Нідзе такога няма – ні ў Расеі, ні на Украіне, а толькі ў Беларусі”.

У Марыі Грамыкі, якая прадае на Камароўцы нацыянальны беларускі прадукт, заўсёды чэргі. А кошты на сала, як ні дзіўна, нават паводле афіцыйнай статыстыкі (Міністэрства статыстыкі й аналізу), рэкордна ўзьняліся: у кастрычніку сала падаражэла на 10,5%!

І ўсё ж такі, нягледзячы на высокія кошты, народ любіць Камароўку. Фатаграфуецца каля фантану (а цяпер елкі), дамы з сабачкам, цёткі з семкамі. Дарэчы, ялінка перад Камароўкай сапраўдная (а ня зборная, як на Кастрычніцкай), і вельмі прыгожая. А ў самім крытым рынку пад купалам – ялінка зь зялёных паветраных шарыкаў.

Я ведаю чалавека, які Камароўку лічыць самым прыгожым месцам Менску. Гэта яе пастаянны наведвальнік, паэт Леанід Дранько-Майсюк.

(Дранько-Майсюк: ) “Я люблю Камароўку. Камароўка ўпрыгожвае сталіцу Беларусі ня проста там нейкай базарнай нечаканасьцю, а сапраўднай паэтычнай нечаканасьцю. Я ня проста купляю, я люблю размаўляць зь людзьмі, адразу ж утвараецца такая дзівосная лінгвістычная атмасфэра, такая прыгожая моўная стыхія, дзе сапраўды можна пачуць нечаканыя беларускія словы, напаўзабытыя, ці зусім забытыя. Я здабываю неабходны творчы настрой, настрой, якія дапамагае проста жыць, жыць весела!”

Застаецца дадаць, што да самага Новага году Камароўка працуе без выходных: і заўтра, на Каталіцкія Каляды, і ў панядзелак, і 31 сьнежня. І нават 1 студзеня.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG