Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Гомельскія ўлады заклікаюць работнікаў гандлю быць патрыётамі й гандляваць малочнымі прадуктамі мясцовай вытворчасьці


Казімір Яноўскі, Гомель Да патрыятызму заклікала гандляроў на адмысловай нарадзе кіраўніца адміністрацыі Савецкага раёну Тацьцяна Філімончык. Нарада гэтая мела на мэце значна падвысіць продаж у гандлёвай сетцы малочнай прадукцыі, якую выпускае дзяржаўнае акцыянэрнае таварыства “Малочныя прадукты”. Ад гэтага, маўляў, залежыць напаўняльнасьць бюджэту, утрыманьне школаў, шпіталёў.

Я пацікавіўся ў жыхароў Савецкага раёну: якую малочную прадукцыю яны бяруць у крамах?

(Жанчына: ) “Берасьцейскую, “Савушкін прадукт”. Яна мне больш падабаецца. Яна больш якасная й запакаваная прыгожа. І да смаку яна – тваражкі яе надзвычай добрыя, масла, малако смачнае”.

Падобныя водгукі даводзілася чуць на кожным кроку. Работнікі гандлю ў сваю чаргу кажуць пра даволі ўстойлівы пакупніцкі попыт да прадукцыі з таго ж Берасьця, Менску і нават Ваўкавыску.

Што да харчоў мясцовага таварыства “Малочныя прадукты”, то гандляры кажуць пра неабходнасьць уразнастаіць асартымэнт, мець прадукты з рознымі дабаўкамі садавіны, гародніны. І пакаваць малочныя прадукты трэба ў ёмістасьці рознага аб’ёму, а ня толькі літрамі ды кіляграмамі.

А вось што кажа прадавачка крамы №6 абласнога цэнтру: “Якасьць гомельскай прадукцыі ня вельмі высокая. Тэрмін рэалізацыі нармалёвы, а яна ўжо сапсаваная. І такое можа быць”, сьцьвярджае Ганна, прадавачка малочных прадуктаў.

Ці можа быць дзеля патрыятызму й бюджэту абмежаваны ўвоз малочнай прадукцыі ў горад з іншых беларускіх рэгіёнаў? Калі камандуюць гандлю падвысіць на траціну рэалізацыю ўласных малочных прадуктаў, то, натуральна, прывоз іх зь іншых рэгіёнаў зьменшыцца. Ня вып’е ж чалавек за дзень два літры малака, калі ён спажываў адзін.

Дарэчы, розныя забароны ўжо мелі месца ў нядаўняй гісторыі, і асабліва ў апошнія савецкія часы. Ніякіх добрых наступстваў забароны ня мелі, і цяпер мець ня будуць. Гамельчукі ў гэтым перакананы:

(Маладая маці: ) “Зь Берасьця ды Менску малочная прадукцыя – экалягічна чыстая. І смак у яе адпаведны. Калі ў нас дадумаюцца не пускаць гэтую прадукцыю ў горад, то гэта будзе досыць цынічны крок. Чарнобыль яшчэ не пераможаны. І наогул, усякае абмежаваньне можа толькі абвастрыць дачыненьні паміж рэгіёнамі”.
XS
SM
MD
LG