Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Раман Якаўлеўскі: “Зь Іранам у нас вельмі добрыя адносіны. Яны, праўда, маюць агульную – антыамэрыканскую – глебу”


Уладзімер Глод, Менск На 24 сьнежня заплянаваная цырымонія ўручэньня Аляксандру Лукашэнку даверных граматаў новымі амбасадарамі Турэччыны і Ірану ў Беларусі. Напярэдадні, паводле дыпляматычнай практыкі, яны перадалі копіі даверных граматаў міністру замежных справаў Сяргею Мартынаву. На якім узроўні знаходзяцца цяпер адносіны паміж Беларусьсю і Турэччынай, Беларусьсю і Іранам?

Пачнем з Турэччыны, і вось чаму. Магчыма, ня ўсе пра гэта ведаюць, але менавіта яна была першай ў сьвеце краінай, якая пасьля распаду Савецкага Саюзу прызнала сувэрэнітэт і незалежнасьць Рэспублікі Беларусь. Турэцкая амбасада стала першай, з тых, што адчынілі ў Менску замежныя краіны.

А цяпер некалькі сучасных асаблівасьцяў. Турэччына – адна зь нямногіх краінаў, якая мае станоўчае сальда ў гандлі з Беларусьсю. Яно параўнальна невялікае – сёлета, напрыклад, 10 мільёнаў даляраў – але ж Беларусь больш імпартуе з Турэччыны, чым туды экспартуе. Усе ведаюць як многа разнастайных турэцкіх вырабаў лёгка знайсьці ў беларускіх крамах.

І яшчэ адна цікавая дэталь: новы турэцкі амбасадар Эмін Бірнур Фэрцеклігіль – жанчына. Так што Беларусь і Турэчына ў гендэрным сэнсе цяпер выраўняліся, паколькі амбасадарам у Анкары працуе Натальля Жылевіч.

Што тычыцца Ірану, дык беларускі экспарт у гэтую краіну сёлета аж у 10 разоў перавышае імпарт зь яе. У Тэгеране ахвотна купляюць калійныя ўгнаеньні, электронныя інтэгральныя схемы, трактары, грузавыя аўтамабілі... Адтуль у Беларусь вязуць пераважна садавіну ды лекі.

Новы амбасадар Абдальхамід Факры – гэта другі па ліку іранскі амбасадар у Беларусі. А вось у Тэгеране ўжо 8 год запар працуе Леанід Рачкоў – былы шэф КГБ у Баранавічах, пасьля – дэпутат Вярхоўнага Савету 13 скліканьня, якія падчас палітычнага крызысу восеньню 1996 году актыўна падтрымліваў Аляксандра Лукашэнку.

З просьбаю даць ацэнку палітычным аспэктам узаемаадносінаў Беларусі зь дзьвюма згаданымі краінамі я зьвярнуўся да вядомага беларускага журналіста-міжнародніка Рамана Якаўлеўскага. І вось ягоныя думкі на гэты конт:

(Якаўлеўскі: ) “З прыходам у Турэччыне да ўлады ўраду Эрдагана ўзаемаадносіны Менску і Анкары астудзіліся”.

(Карэспандэнт: ) “А чым гэта можна патлумачыць?”

(Якаўлеўскі: ) “Турэччына ўзяла адназначны кірунак на Эўропу, у Эўрапейскі зьвяз, зь якім адносіны у афіцыйнага Менску не вельмі прыязныя, асабліва цягам апошніх гадоў. Зь Іранам у нас вельмі добрыя адносіны. Яны, праўда, маюць агульную – антыамэрыканскую – глебу. Больш таго, Іран падтрымлівае Беларусь практычна па ўсіх пытаньнях у розных міжнародных структурах”.

Якія цяпер ёсьць вакансіі ў беларускім дыпляматычным корпусе? Дзе будуць уручаць свае даверныя граматы бліжэйшым часам новыя беларускія амбасадары?

Самая даўняя вакансія – у Японіі. Яна існуе пасьля таго, як адтуль напрыканцы 2001 году адклікалі Пятра Краўчанку. Ня маем мы амбасадара ў Ізраілі, адкуль вярнуўся былы шэф КГБ Беларусі Генадзь Лавіцкі. Не запоўненая да гэтага часу пасада кіраўніка дыпмісіі ў Румыніі.

Цікавая сытуацыя з Чэхіяй. Амбасадара Ўладзімера Бельскага яшчэ ў 2002 годзе, калі Аляксандру Лукашэнку не далі візы на саміт НАТО ў Празе, адклікалі ў Менск для кансультацыяў. Яны, як гэта ні дзіўна, фармальна цягнуцца да гэтага часу, а беларускай дыпляматыяй у Чэхіі кіруе ў статусе часовага паверанага Мікалай Барысевіч. Таксама ідзе гаворка пра тое, што ў наступным годзе будзе адкрытая амбасада Беларусі ў Марока. Так што вакансіі ёсьць і будуць.
XS
SM
MD
LG