Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Прадстаўнік ENEMO аб затрыманьні 70 назіральнікаў у Менску: “Беларускія ўлады баяцца таго, што адбываецца ва Ўкраіне”


Алесь Дашчынскі, Кіеў Прадстаўнікі грамадзянскай ініцыятывы “Партнэрства” і праваабарончага цэнтра “Вясна” возьмуць удзел у назіраньні за прэзыдэнцкімі выбарамі ва Ўкраіне. Іх ад’езд зь Беларусі спрабавалі сарваць супрацоўнікі АМОНу. За некалькі гадзін да адпраўленьня цягніка каля 70 назіральнікаў былі беспадстаўна затрыманыя. Іх адпусьцілі з упраўленьня міліцыі, калі цягнік “Менск-Кіеў” ужо ад’ехаў. Чым завяршылася гэтая гісторыя?

Усе 120 міжнародных назіральнікаў зь Беларусі ўжо знаходзяцца ва Ўкраіне і будуць працаваць цягам выбараў у Кіеўскай, Адэскай, Харкаўскай і іншых абласьцях. Яны акрэдытаваныя ў складзе місіі ENEMO, якая ўключае 16 міжнародных арганізацый. Па колькасьці беларуская дэлегацыя займае другое месца пасьля расейскай.

Каардынатар ENEMO ў Кіеве Лілія Шыбанава распавяла, што праблемы былі ня толькі ў беларускіх назіральнікаў. У Казахстане са студэнтамі, сябрамі дэлегацыі, адміністрацыя правяла гутаркі: ім настойліва раілі не рызыкаваць, ня ехаць ва Ўкраіну. Аднак, паводле спадарыні Шыбанавай, “беларускі канфлікт выглядае самым вострым”.

(Шыбанава: ) “Яны не змаглі сесьці на цягнік, бо іх адпусьцілі праз 5 гадзін, калі цягнік ужо адправіўся, і ўсе квіткі прапалі, людзям давялося дабірацца аўтобусамі, іншымі цягнікамі й гэтак далей. Гэта была мэтанакіраваная акцыя на зрыў паездкі назіральнікаў”.

Паводле каардынатара ENEMO, беларускія улады ўчынілі перашкоды міжнародным назіральнікам, якія на той момант атрымалі афіцыйную акрэдытацыю. Дарэчы, старшыня грамадзянскай ініцыятывы “Партнэрства” Мікалай Астрэйка вымушаны пакуль заставацца ў Менску. Ён шукае маёмасьць, сканфіскаваную ў офісе арганізацыі.

(Астрэйка: ) “Без прадстаўленьня нейкіх дакумэнтаў, бяз ордэра, заведзенай справы, без пратаколаў дагляду й выняцьця гэтай тэхнікі забралі ўсе 6 сыстэмных блёкаў кампутараў і зьвезьлі ў нейкім невядомым напрамку. Зрабілі гэта супрацоўнікі Савецкага РУУС Менска. Там цякучая інфармацыя “Партнэрства” – гэта дадзеныя з выбараў, нашыя базы, інфармацыя даведнікаў, гэта справаздачы нашых назіральнікаў”.

Як успрынялі дзеяньні беларускіх уладаў у Кіеве? Пра падзею шырока паведамілі ўкраінскія сродкі масавай інфармацыі. Супрацоўнік Цэнтравыбаркаму Ўкраіны сказаў, што камісія пакуль не рабіла спэцыяльнай заявы, бо пакуль невядомыя акалічнасьці гэтага інцыдэнту. У міжнароднай місіі ENEMO, у якую ўваходзяць таксама і міжнародныя назіральнікі зь Беларусі, цьвердзяць, што гэты факт патрапіць у выніковыя справаздачы, і пра яго распавядуць на прэсавай канфэрэнцыі. Каардынатарка ENEMO ў Кіеве Лілія Шыбанава:

(Шыбанава: ) “Беларускія ўлады разумеюць, што такія арганізацыі, якія атрымоўваюць пэўны досьвед узаемадзеяньня зь міжнароднымі арганізацыямі па назіраньні за выбарамі, небясьпечныя тым палітыкам, якія займаюцца фальшаваньнем выбараў ва ўласнай краіне. Гэтыя дзеяньні выглядаюць дзіўна, калі не сказаць, што неразумна, таму такія спосабы барацьбы з уласнымі назіральнікамі – гэта дрэнны піяр і дрэнная палітыка”.

І яшчэ меркаваньне прадстаўніка ENEMO Аляксандра Шалайкі:

(Шалайка: ) “Гэта паказвае, што беларускія ўлады баяцца таго, што адбываецца ва Ўкраіне і баяцца нават простых кантактаў грамадзянаў Беларусі”.
XS
SM
MD
LG