Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Эўразьвяз намерваецца фінансаваць беларускае радыё ў Польшчы


Аляксей Дзікавіцкі, Варшава Як заявіла сябра Эўрапейскай камісіі ў замежных справах Бэніта Фэрэра-Вальднэр, усё больш рэальным становіцца адкрыцьцё на тэрыторыі Польшчы беларускага радыё, якое фінансавалася б зь бюджэту Эўразьвязу.

Паводле словаў спадарыні Бэніты Фэрэры-Вальднэр, Эўрапейская Камісія спраўджвае цяпер, зь якой часткі агульнаэўрапейскага бюджэту на наступны год выдаткаваць грошы для беларускага радыё.

“Падтрымка незалежных мэдыяў, калі казаць пра Беларусь – гэта адзін з прыярытэтаў Эўразьвязу, і ідэя паўстаньня радыё вельмі цікавая. Тэарэтычна гэта магчыма, бо грошы на паўстаньне такога радыё былі зарэзэрваваныя ўжо ў 2003 годзе, аднак пасьля апошніх сфальсыфікаваных выбараў і рэфэрэндуму Брусэль прыпыніў усе праграмы дапамогі для Беларусі. Цяпер гэтае рашэньне трэба зьмяніць, і на гэта ёсьць шанец”, напісала Бэніта Фэрэра-Вальднэр у лісьце да ініцыятара паўстаньня радыё, дэпутата Эўрапейскага парлямэнту ад Польшчы Богдана Кліха.

Сам Кліх заявіў, што гэта вельмі добрая навіна, і што адразу пасьля сьвятаў ён прадставіць спадарыні камісар пашыраную канцэпцыю працы радыё, якая, хутчэй за ўсё, будзе прадугледжваць аднаўленьне “Радыё Рацыя”.
XS
SM
MD
LG