Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларусы ў Польшчы распаўсюдзілі заяву ў падтрымку рэдакцыі беластоцкай “Нівы”


Аляксей Дзікавіцкі, Варшава Сёньня прадстаўнікі амаль двух дзесяткаў арганізацыяў беларускай нацыянальнай меншасьці і беларускіх школаў, што дзейнічаюць у Польшчы распаўсюдзілі заяву ў падтрымку тыднёвіка беларусаў Польшчы “Ніва”. Заява перададзеная польскім і міжнародным праваабарончым арганізацыям. Больш падрабязна з тэкстам гэтага дакумэнту вас пазнаёміць наш варшаўскі карэспандэнт.

“Цягам апошніх некалькіх гадоў у горшы бок мяняецца атмасфэра вакол беларускай нацыянальнай меншасьці ў Польшчы, але ў 2003-2004 адбыліся падзеі, якія выклікалі вялікую занепакоенасьць у асяродзьдзі беларусаў”, – адзначаецца ў заяве.

Гаворка ідзе перадусім пра праверкі ў рэдакцыі тыднёвіка “Ніва”, якія правялі супрацоўнікі Беластоцкага аддзелу Найвышэйшай кантрольнай палаты Польшчы. Далей цытата: “Кантралёры, выкарыстоўваючы фармальныя памылкі бугальтаркі Праграмнай рады – выдаўца тыднёвіка “Ніва” – распачалі гістэрычную прапагандысцкую кампанію супраць адзінай беларускамоўнай газэты ў Польшчы, хаця ў часе праверкі высьветлілася, што ніводзін грош з дзяржаўных датацыяў ня зьнік”.

Далей у заяве гаворыцца, што ў склад Праграмнай рады “Нівы” ўваходзяць лідэры беларускіх арганізацыяў, створаных у Польшчы пасьля 1989 году, якія за сваю дзейнасьць не атрымліваюць ніякіх грошай. Тым ня менш, адзначаюць падпісанты, да сяброў Рады паставіліся як да крымінальнікаў.

“Адначасова з рэпрэсіямі супраць “Нівы” Найвышэйшая кантрольная палата паспрабавала паралізаваць працэс вывучэньня беларускай мовы ў школах Беласточчыны. Усё гэта прывяло да гвалтоўнага спыненьня ўсялякай актыўнасьці ў беларускім асяродзьдзі ў Польшчы, бо прыклад праграмнай рады “Нівы” паказвае, што чалавек можа сутыкнуцца з рэпрэсіямі толькі за прыналежнасьць да беларускай арганізацыі”, – адзначаецца заяве.

Напрыканцы падпісанты зьвяртаюцца да вышэйшых дзяржаўных уладаў Польшчы з заклікам высьветліць усе акалічнасьці справы “Нівы” ды спраўдзіць законнасьць дзеяньняў адпаведных дзяржаўных органаў.

Вядомы пісьменьнік Сакрат Яновіч так пракамэнтаваў справу “Нівы”: (Яновіч: ) “Літоўцам або ўкраінцам (у Польшчы) лягчэй, бо за імі стаяць нацыянальныя дзяржавы – Літва, Украіна. За беларусамі ніхто не стаіць, бо Беларусь надалей савецкая, ужо датла русыфікаваная калёнія”.

Нагадаем, у чэрвені 2003 году ў рэдакцыі “Нівы” прайшла фінансавая праверка, у выніку якой былі знойдзеныя парушэньні ў справаводзтве. Выдаўцоў “Нівы” абвінавацілі ў тым, што ў 2001 годзе яны выдалі бюджэтныя сродкі не ў вызначаны тэрмін. Справа была перададзеная ў пракуратуру, якая дагэтуль вядзе сьледзтва.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG