Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Авэрс і рэвэрс – Іван Шамякін і Кастусь Шышэя


Сяргей Дубавец, Вільня (Этэр 19 сьнежня 2004 году). Новая перадача сэрыі “Вострая Брама”.

Сёлета ў сярэдзіне кастрычніка ў Менску памёр Іван Шамякін, а ў сярэдзіне сьнежня ў Вільні пакінуў гэты сьвет Кастусь Шышэя. Згадваючы іх, я ня мог адчапіцца ад думкі пра іхнае чалавечае падабенства: псыхалягічнае, у манерах і нават чыста зьнешняе. Такія два зухаватыя сялянскія сыны ў маладосьці і два невысокія дзядкі ў старасьці. Ня надта красамоўныя, але спрытныя на пяро.

Яны амаль аднагодкі – усяго год розьніцы. Два беларусы і два вэтэраны другой сусьветнай вайны. Ужо на пэнсіі яны з аднолькавым пачуцьцём і аднолькавымі дэталямі апішуць сваё вясковае дзяцінства. У Шамякіна гэта будзе кніга ўспамінаў “Карэньні і галіны”, у Шышэі – пакуль яшчэ неназваны рукапіс кнігі пра ўласнае жыцьцё. Лёсы абодвух так ці інакш зьвязаныя зь літаратурай і з родным словам. Зрэшты, як і лёс самой іхнай краіны і нацыі. Шамякін стане народным пісьменьнікам, а Шышэя – гулагаўскім карэспандэнтам Ларысы Геніюш. Урэшце і апошнія даты іхнага немалога, васьмідзесяцігадовага жыцьця прыпадаюць на гэты вось канец 2004-га.

Яны ніколі не спатыкаліся адзін з адным, можа быць, нават ніколі толкам і ня чулі адзін пра аднога. Як два бакі аднаго мэдаля не спатыкаюцца ніколі. На адзін зь іх заўсёды сьвеціць сонца, а другі праходзіць свой шлях у ценю. Толькі сярэдзіна ў гэтага мэдаля – з аднаго матэрыялу. Яна непадзельная.

У аднаго зь іх – цэлая бібліятэка напісаных ім кніг. У другога – пакуль толькі рукапіс. Зь першых словаў, выпісаных прыгожым каліграфічным почыркам, ён заварожвае сваім натуральным духам, нібы той Баркулабаўскі летапіс:

“Начынаю пісаць, ня зная, ці закончу, маючы ўжо 76 гадоў. А пішу таму, што з роду Стаськаў-Шышэя як мужчына я апошні...”

Як і належыць двум бакам аднаго мэдаля, авэрсу і рэвэрсу, яны – вэтэраны розных бакоў лініі фронту. І цяпер самы час распавесьці пра поўную супрацьлегласьць гэтых людзей.

Падзел пачаўся ўжо з нараджэньня. Адзін народ, адна мова, адзін вясковы побыт. Словам – іхны дзіцячы сьвет быў той самы. Але. У Заходняй Беларусі, у тым атачэньні, дзе гадаваўся Шышэя, польскую ўладу людзі ўспрымалі як чужую і, натуральна, задумляліся пра такія рэчы як незалежнасьць, нацыянальная сьвядомасьць і тое, што ўлада ўрэшце мусіла б быць свая. У Шамякіна ўлада была савецкая. Дэкляратыўна – свая. Таму думак пра незалежную Беларусь у ягоным асяродзьдзі не ўзьнікала. І калі ў 30-я гады ў асяродзьдзі Шамякіна беларушчына раптам стала замяняцца расейшчынай, людзі, у адрозьненьне ад заходнікаў, аказаліся не гатовыя да ўспрыманьня ўлады як чужой. Тым больш, што называць яе чужой стала сьмяротна небясьпечна.

Рэч у тым, што нарадзіўся і гадаваўся Шамякін у зусім арганічным асяродзьдзі ў часы прышчэпаўскіх хутароў і беларусізацыі. Прасьцей кажучы, мова сям’і і вёскі была тая самая, што мова адміністрацыі і школы. Гэта значыць, родная. А калі ў 30-я зьявілася мова расейская, дык яна ўжо ўспрымалася як мова гарадзкая, як наступная прыступка тваёй уласнай біяграфіі, як мова вялікай культуры, да аграмадных бібліятэк, якой ты дарастаў пасьля сваіх сярмяжных вясковых беларускіх кніжак. Перайсьці на расейскую было гэтаксама натуральна, як апрануцца па-гарадзкому і выправіцца з свайго хутару ў шырокі сьвет. І гэты сьвет таксама ўспрымаўся як арганічна твой, як працяг твайго дзіцячага, хоць быў ён ужо нашмат больш складаны – са сваёй сыстэмай пастак ды ямінаў, і ад твайго ўмельства залежала, ці патрапіш ты ў тыя пасткі, ці разумна абыдзеш іх, пазьбегнеш даносу, арышту, ярлыка ворага народу, расстрэлу. Але ўсё гэта, падкрэсьлю, было тваім арганічным сьветам – твая беларуская вёска і твой расейскі горад, сталінскія даклады і органы НКВД, Мурманск, за які табе давядзецца ваяваць і сталіца – Масква. “Наша Масква”, “наша Расея” – любіць падкрэсьліваць Лукашэнка – чалавек такога самага выхаваньня, закладнік гэтай самай сытуацыі.

У Шышэі мова сям’і і вёскі ад пачатку розьнілася з мовай адміністрацыі і школы. Начальства было прышлае, чужое і таму ўспрымалася варожа, як нешта накінутае і часовае. І калі на зьмену палякам прыйшлі саветы (а гэта былі ўжо ня тыя саветы, пад якімі нарадзіўся і вырас Шамякін, гэта былі рускамоўныя саветы), дык яны таксама ўспрымаліся Шышэем і ягонымі землякамі як чужая ўлада. Мова сям’і зноў не супадала з мовай адміністрацыі. Больш за тое, новая ўлада, у параўнаньні з папярэдняй, паводзіла сябе зусім ужо не па-людзку. Сілаю адбірала ў людзей гаспадаркі, зганяла ў калгасы, масава вывозіла сялян у Сыбір. Панавалі яны нядоўга, але запомніліся як кашмар. Наступны кашмар настаў разам зь нямецкай акупацыяй. Натуральна, і гэта была не свая ўлада, чужая.

Шамякін пасьпяхова прайшоў вайну, зрабіў камсамольскую кар’еру, словам, працягваў свой арганічны жыцьцяпіс. А Шышэя і ягоныя раўналеткі-заходнікі апынуліся перад шырокім выбарам, пакутліва шукаючы ды не знаходзячы свайго арганічнага шляху. Вось цытата зь ягоных успамінаў:

“Каб зьнішчыць партызанаў у Беларусі, нямецкае камандаваньне прысылала карныя атрады, розных адшчапенцаў грамадзкасьці з Рускай асвабадзіцельнай арміі пад камандаваньнем генэрала Камінскага, казакоў, батальёны літоўцаў, украінцаў і ўся гэтая армада ўсякага зброду нішчыла нашых людзей і іх дабытак. Жыцьцё, асабліва моладзі, стала кашмарам – куды было кінуцца, каб выжыць? Немцы мабілізуюць. Бальшавіцкія партызаны мабілізуюць. Працаваць у акупацыйнай адміністрацыі, у школе на вёсцы небясьпечна – партызаны застрэляць. Неяк, спаткаўшы свайго настаўніка-беларуса Бузука Аркадзя, пытаю – як выжыць у даны пэрыяд, у такое ліхалецьце. Гаворыць, пацярпі. Даў пачытаць Бюлетэнь Беларускай Незалежніцкай Партыі. “Падбяры добрых сяброў і чакай”. Калі я вяртаў Бюлетэнь, Бузук сказаў: цяпер у цябе партыйшая клічка “Верас”.

У іншым месцы Шышэя згадвае яшчэ адну арганізацыю, якая дзейнічала тады ў Беларусі – польскую Армію Краёву. Напэўна, для многіх ягоных раўналеткаў, што вырасьлі пад польскай уладай, гэта быў найбольш арганічны выбар. Але Шышэю і ягоных сяброў спыняла тое, што акоўцы забівалі беларускую інтэлігенцыю, найперш – беларускіх настаўнікаў.

Словам, выбіраць было з чаго і не было з чаго. Бо свайго выбару не было. І на гэтым тле прапанова ўступіць у БНП выглядала сапраўдным шанцункам. Свая партыя, якая ставіць задачай бараніць сваіх людзей ад акупантаў і прыхадняў усіх масьцей. А пры тым – не запляміць свайго сумленьня. Удзел у чужацкіх гульнях – нямецкіх, расейскіх, польскіх, украінскіх, літоўскіх, – непазьбежна прыводзіў да злачынстваў супраць сваіх. Шышэя рабіў маральны выбар. Спачатку БНП, потым Беларуская Краёвая Абарона, потым Дальвіц і дэсант на Бацькаўшчыну. Гэта быў ягоны беларускі шлях у поўнай адпаведнасьці з нацыянальнымі інтарэсамі ягонага народу.

Цікава, а калі б тады, напачатку вайны Шышэя сустрэў не свайго школьнага настаўніка, а Івана Шамякіна? Што б стала вырашальным у іхнай размове? Адзінства крыві, паходжаньня, мовы ці – прыналежнасьць да ўлады? У Шамякіна, паўтаруся, ад нараджэньня не было праблемы сваёй улады. Яна, савецкая, з усімі яе, скажам так, недахопамі, была яму арганічна сваёй. Апроч таго, яна была магутнай, звышмагутнай у гэтых абставінах. А што прапанаваў Шышэю Аркадзь Бузук? Нейкую аматарскую і кволую, зусім безуладную і падпольную суполку, дарма што названую партыяй. Не, не зразумелі б адзін аднога Шышэя і Шамякін. У найлепшым выпадку Шамякін параіў бы Шышэю прабірацца “да сваіх”, туды, дзе “наша Масква”. А для Шышэі гэта прагучала б усё адно што да немцаў, ці да палякаў. Словам, не паразумеліся б.

Але вось што ва ўсім гэтым важна. Калі праз шмат гадоў Іван Шамякін падымаў кілішак за вялікую перамогу савецкага народу над нямецкімі фашыстамі, інакш кажучы, сьвяткаваў трыюмф сваёй улады ў атмасфэры патасу і плянэтарнага значэньня той перамогі, Шышэя рабіў у сваіх успамінах запіс не такі плянэтарны, але для гісторыі ўласнага народу, сваіх землякоў нашмат больш істотны:

“У 1942 годзе ўлетку быў выкінуты расейска-бальшавіцкі дэсант, які раскідаў улёткі з загадам да былых байцоў чырвонай арміі зьявіцца ў лес, а хто ня зьявіцца, будзе залічаны дэзэртырам. У лесе выдавалі зброю і, паводле распрацаванага Масквой мэтаду, партызаны пачалі дзейнічаць. Мэтад быў просты: у вёску засылаўся снайпэр, які, затаіўшыся між будынкаў, страляў у немцаў, што праяжджалі міма. За гэта немцы акружалі вёску і запальвалі будынкі, расстрэльвалі жыхароў. Тыя, хто мог уцалець, папаўнялі партызанскія атрады”.

Шышэя заўважае, што ў Прыбалтыцы і Ўкраіне гэты мэтад ня меў выніку, бо там збройныя сілы ўласных народаў хутка ліквідавалі гэткіх “змагароў”. Інакш кажучы, касавалі правакацыі немцаў на зьнішчэньне мірнага жыхарства. Украінцы і прыбалты разумелі, што ні немцы, ні саветы – ня ёсьць для іх уладай сваёй, і іхная задача – зьберагчы жыцьцё сваіх людзей ды наколькі магчыма наладзіць іхны быт. Пакуль інтарэсы варожых імпэрыяў перакочваюцца над нашымі галовамі туды-сюды, для нас найважней – выжыць. Цяпер – працяг цытаты:

“Каб пазьбегнуць падобнага зьнішчэньня і рабунку з боку расейскіх партызанаў на вёсках, дзе большасьць жыхароў былі каталікі, польская АК зьвярнулася да нямецкіх уладаў, каб ім дазволілі арганізаваць самаабарону. І немцы выдалі ім зброю і дазволілі арганізаваць батальён. Беларусам арганізаваць самаабарону немцы дазволілі толькі ў кастрычніку 1943 году”.

І вась тут – увага. Тое, для чаго прыводзіцца цытата:

“Калі б немцы дазволілі арганізаваць у Беларусі збройную самаабарону хаця б на год раней, не было б столькі бязьвінных ахвяраў”.

У гэтым сказе лёгіка Шышэі супадае зь лёгікай любой неімпэрскай нацыі падчас сусьветнае вайны і канчаткова разыходзіцца зь лёгікай Шамякіна. Шышэя разважае пра кожнага свайго земляка, забітага невядома кім і за што, як пра найвялікшую страту, перапынены род, аднятую будучыню. А Шамякін славіць вялікую перамогу, да якой, безумоўна, спрычыніўся, не беручы ў разьлік усялякія прыватнасьці. Напрыклад, тое, што ягоная Беларусь – адзіная з так званых краінаў пераможцаў, якая выйшла з вайны з тэрытарыяльнымі стратамі. Як такое можа быць? Ну, у савецкія часы гэта асабліва і не адчувалася ў маштабах ад Буга да Курылаў, а сёньня міжволі пачынаеш задумляцца. Як такое магло быць? І калі не ідэалёгія вялікай перамогі, а звычайная чалавечая нармальнасьць у нас усё ж пераможа, мы зусім па-іншаму будзем глядзець і на тыя страчаныя землі, і на тыя спаленыя разам зь людзьмі вёскі. Спаленыя часта з-за нечай абсалютна дурной правакацыі. Уяўляеце, калі б гэтыя вёскі засталіся жыць...

Шышэя і іншыя заходнікі, калі траплялі ў Гулаг, не маглі зразумець, чаму яны – здраднікі Радзімы? Якой Радзімы? Польшчы? Ці Савецкага Саюзу, грамадзянамі якога яны ніколі не былі? А можа – гітлераўскай Нямеччыны, якая сёньня найлепей адпавядае ўяўленьням Лукашэнкі пра прэзыдэнцкую рэспубліку? Дык хто тут мае права папракаць іх, сапраўдных патрыётаў, – гэтыя прыежджыя з Расеі, з гулагаўскага тылу маёры?

Нават і ў нашым часе іншы раз пачуеш: не судзіце, бо была іншая эпоха, на вайне як на вайне... Вось гэтага якраз Шышэя і ня мог зразумець да канца сваіх дзён. Не было ніякай іншай эпохі, калі ты проста нармальны чалавек на сваёй зямлі. Было ачмурэньне адных і трагедыя іншых, неачмурэлых. Гэтыя другія проста не згаджаліся аддаць сваю чалавечую годнасьць, сваю мараль і сваю мову. Гэта было даражэй за жыцьцё. А тыя першыя разумелі гэта і цынічна адбіралі ў другіх свабоду, здароўе і жыцьцё. Ня буду ўдавацца ў тыя катаваньні, якія Шышэя зазнаў у менскай амэрыканцы і пасьля ў Гулагу. Урэшце ён атрымаў не на ўсю катушку, а 10 гадоў. Чаму? Сам тлумачыў гэта тым, што ні ў чым не прызнаўся і не падпісаў ніводнае паперы.

Мне ўдалося адшукаць гутарку з Кастусём Шышэем, якую гады тры таму запісала зь ім у Вільні Тацяна Сапач. Гэта быў ці ня першы публічны выхад Кастуся Шышэі з уласнымі згадкамі, бо дагэтуль у Вільні лічылася, што Шышэя – маўчыць. Паслухаем, якім чынам сам ён тлумачыў сваю пазыцыю, а ў выніку і свой лёс:

(Сапач: ) “Чамусьці мне здаецца, што такіх людзей, якія вытрымалі гэтыя пакуты і не зламіліся, было няшмат”.

(Шышэя: ) “Не, гэта рэдкасьць была. Вось калі спатыкаемся, ужо потым, як зь лягера выйшлі, усе яны падпісалі, што ім гаварылі. Усе падпісалі”.

(Сапач: ) “Ну, Вы ведаеце тых людзей, якія не падпісаліся і самі Вы таксама не падпісаліся пад хлусьнёй, нагаворам...”

(Шышэя: ) “А я й ня знаю, каторыя не падпісалі, ня знаю такіх...”

(Сапач: ) “А пра сябе Вы сказаць ня можаце – што дазволіла вам гэта вытрымаць?”

(Шышэя: ) “Страх. Страх за сям’ю, за сяброў. Мне ж трэба будзе прадаваць іх, трэба будзе гаварыць, з кім я вёў... Дапусьцім, скінулі мяне дэсантам. Я ж недзе быў. У кагосьці быў...”

(Сапач: ) “То бок вы больш баяліся за іншых, чым за сябе?”

(Шашэя: ) “Я за сябе зусім не баяўся. Я адзін. Я прапаў. Ідэі мае ўсе рухнулі, таму што мяне злавілі. Ужо я не жывы ў душы. Ужо мяне няма. Яны што хочуць, тое й робяць са мной. Ну няхай скарэй робяць. Няхай я памру скарэй. Ну раз я не магу нічога... Я ж прысягаў. Я кляўся перад Богам, што ня выпушчу зброі сваёй, пакуль ня ўбачу Бацькаўшчыну свабоднай. А я ж веру. Як мне сьледчы кажа: дык ты што, верыш у Бога? Ты ж малады чалавек, ты ж ня глупы. Гавару: а вы ня верыце ў Бога? Дык што вы можаце са мною зрабіць? Нічога. Таму што Ўсявышні бачыць, што я чэсны чалавек, што я нікога не забіваў, што я не страляў. І не дапусьціць, каб ты мяне забіў. Ты бясьсільны супраць Бога.

У 82-м годзе мяне вызвалі ў Менск у КГБ. Па рэабілітацыі Луцкевічаў. Яны напісалі, каб іх рэабілітавалі. І таму мяне выклікалі, каб я пра іх што-небудзь сказаў. “Як ты думаеш, вось яны просяць рэабілітацыі...” “Ну дык дайце ім тую рэабілітацыю”. “А чаму ты ня просіш?” Я кажу: я ня знаю, якую рэабілітацыю? Я бязьвінна сядзеў. У каго ж мне прасіць? Зьмянілася ўлада ці што? Улада ж тая самая. Дык у каго мне прасіць? У таго ж пракурора, які мне падпісаў гэтыя 10 гадоў? Няма ў каго прасіць”.

(Сапач: ) “І вы не рэабілітаваны да гэтага часу?”

(Шышэя: ) “Не”.

(Дубавец: ) Такім чынам, пасьля вайны Шышэя атрымлівае 10 гадоў ГУЛАГу за сваю службу ў Беларускай Краёвай Абароне. Ягоны камандзір Барыс Рагуля, сабраўшы іхны наваградзкі швадрон, так і сказаў ім – саветы вяртаюцца, і хто з вас адчувае небясьпеку, хай падаецца на Захад, а хто не адчувае – вяртайцеся дахаты. Шышэя вярнуўся. Трэба жыць на сваёй зямлі. Асабліва калі ты ў вайну ратаваў жыцьці сваіх землякоў. А яшчэ асабліва, бо неўзабаве ў Беларусі адбудзецца рэфэрэндум пад міжнародным пратэктаратам і натуральна твая любая краіна стане ў выніку незалежнай і вольнай. Зьявіцца нарэшце тая свая ўлада.

Шышэю не пашанцавала. Калі спрабуеш увязаць свой уласны лёс з геапалітыкай сусьветных імпэрыяў, трэба рабіць гэта з пэўнай доляй цынізму. А цынікам Шышэя ня быў.

Лёс нашых герояў пасьля вайны так ці інакш зьвязаны зь літаратурай. Шамякін становіцца прызнаным празаікам сярод нешматлікіх пасьля даваенных рэпрэсіяў калег. Шамякін рыхтуецца да атрыманьня сталінскай прэміі і да ўваходжаньня ў бээсэсэраўскую эліту. Шышэя ў лягеры ў Інце (гэта рэспубліка Комі) вядзе таемную перапіску з Ларысай Геніюш. У яе псэўданім Мама, у яго – Цыкута.

(Сапач: ) “А чаму Вы выбралі такі псэўданім – Цыкута?”

(Шышэя: ) “Аляксандра Македонскага атруцілі цыкутай... І калі я быў у бытавых лягерах, дзе бандыты і злодзеі (сьпярша мяне туды кінулі, у гэты Карлаг). Там я быў ужо як дахадзяга, мяне на сельхоз прывезьлі. А каля гэтага сельхоза – возера. А ў гэтым возеры плавае цыкута. Гэта такая рэпка, толькі карэньні доўгія. Яна плавае па версе, а карэньне дастае да зямлі і яна так сілкуецца. А людзі то галодныя. Калі гэтае возера разьліваецца, дык выкідвае гэтую цыкуту. І гэтая цыкута на шыльдах, на плякатах нарысована, каб ня елі гэтай цыкуты. Цыкута – гэта сьмерць”.

(Дубавец: ) Словам да літаратуры далучаны і авэрс і рэвэрс пасьляваеннага беларуса. У выпадку Шамякіна гэта шлях пісьменьніцкай працы і посьпеху. У выпадку Шышэі – гэта выстойваньне насуперак усім няшчасьцям, і якраз вершы Геніюш падымаюць ягоны змагарны дух. Адно што Шамякін уяўляе сабою сонечны, бліскучы, залаты бок нашага беларускага мэдаля, а Шышэя – той месяцовы бок, куды сонца не трапляе ніколі. Разам з сотнямі тысяч такіх самых ён – у цемры ГУЛАГу. Пра іх нічога ня ведаюць тыя, з сонечнага боку. Зрэшты, і гэтыя нічога ня ведаюць пра тых.

Пасьля распаду СССР перад Шамякіным паўстала мноства невырашальных пытаньняў. На вачах і пад нагамі рассыпаўся ягоны сьвет. Шышэя, які пасьля ГУЛАГу вярнуўся разам з жонкай у Вільню, адпрацаваў тут да пэнсіі ў тралейбусным дэпо, бачыў, што разам зь пераменамі сьвет вакол яго становіцца больш адпаведным звычайнай чалавечай лёгіцы, больш нармальным. Ягоная Беларусь стала незалежнай краінай. Словам, на вачах і пад нагамі ягоны сьвет з аскепкаў пачынаў зьбірацца ў цьвёрдую глебу. Вось калі Шышэя, які маўчаў пра сваю біяграфію дзясяткі гадоў, загаварыў. Больш за тое, пачаў пісаць успаміны. Тым часам Шамякін пахаваў жонку і з жалем назіраў, як амаль што нічога не застаецца ад ягоных ляўраў і ўсесаюзнага прызнаньня. Кудысьці фатальна прапала арганічна свая для яго ўлада, у рамках якой ён зрабіў сябе сам, стаў пісьменьнікам усесаюзнага маштабу, заслужыў сабе пэўны дабрабыт. Цяпер усё гэта сыплецца на вачах. А тут яшчэ старасьць.

Старасьць на нейкі час зноў зраўняла нашых герояў. Два хворыя старыя зь цяжкасьцю занатоўваюць апошнія згадкі пра сваё ўласнае жыцьцё. На выхадзе гэтага жыцьця адзін зь іх перанёс вялізныя страты, другі – атрымаў калясальныя набыткі. Ну і што, што жыў Шышэя беднавата і безь ніякай публічнай увагі. Затое, яму няма больш ад каго хавацца і ён ніколі ні на хвіліну ня здрадзіў сабе, сваёй чалавечай нармальнасьці. А гэта для яго самы вялікі праз усё жыцьцё скарб.

... Тут ім сустрэцца ня выпала. Але яны абавязкова сустрэнуцца там. Авэрс і рэвэрс аднаго мэдаля. Двое з аднолькавым прыходам і аднолькавым зыходам. Яны сустрэнуцца і злучацца, бо там, кажуць, няма авэрсаў і рэвэрсаў, а ёсьць толькі душы. Гэта значыць, што там зноў стане адзінаю іхная беларуская душа. А ўсё, што іх адрозьнівала, засталося нам. Для добрага, як казаў Скарына, навучэньня.
XS
SM
MD
LG