Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У першы дзень суду над Марынічам вывучаліся, магчыма, незаконна зробленыя запісы яго тэлефонных размоваў


Алег Грузьдзіловіч, Менск 23 сьнежня ў Менскім раённым судзе пачаўся працэс над Міхаілам Марынічам. У першай палове дня суд выслухаў тлумачэньні Марыніча што да знойдзенага ў яго баявога пісталета, а пасьля перапынку на абед вывучаўся эпізод пра кампутары, якія былы міністар нібыта скраў у грамадзкай арганізацыі, якую ён узначальваў.

Суд над Міхаілам Марынічам пачаўся зь ягонай заявы пра тое, што ён не вінаваты і лічыць гэты працэс палітычным. Паводле Міхаіла Марыніча, улады далі загад сілавым ведамствам сфальшаваць супраць яго крымінальную справу.

Адна з складовых частак гэтай справы – эпізод пра кампутары, якія амэрыканская амбасада перадала ў часовае карыстаньне грамадзкай арганізацыі “Беларуская асацыяцыя «Дзелавая ініцыятыва»”. Менавіта гэтая арганізацыя й прызнаная пацярпелай ад дзеяньняў яе старшыні Міхаіла Марыніча.

Паводле сьледзтва, Марыніч скраў у “Дзелавой ініцыятывы” гэтыя кампутары, бо яны захоўваліся ў ягоным гаражы. Сёньня пасьля перапынку на абед суд вывучаў менавіта гэты эпізод.

Сярод іншага былі абнародаваныя стужкі размоваў з супрацоўнікамі амбасады адносна кампутараў. Пракурор лічыць, што суразмоўцам пасольскіх работнікаў быў Міхаіл Марыніч, але ён гэтага не пацьвярджае. Высьветлілася цікавая акалічнасьць адносна дакумэнтаў, якія б пацьвердзілі законнасьць праслухоўваньня і запісу гэтых размоваў. Апавядае адвакат Вера Страмкоўская.

(Страмкоўская: ) “У матэрыялах справы няма аргумэнтаў і дакумэнтаў, якія павінны быць, каб высьветліць, на якой падставе гэта ўсё рабілася. Ёсьць гэтая стужка, але нават невядома, хто там гучыць, бо не рабілася экспэртызы. Таму мы былі супраць агалошваньня гэтых матэрыялаў”.

Суд, аднак, ня стаў на бок абаронцаў Міхаіла Марыніча.

Заўтра ў судзе пачнуць выступаць сьведкі.

Нагадаем, былога міністра і амбасадара Беларусі ў Латвіі Міхаіла Марыніча арыштавалі яшчэ 26 красавіка. Яму пагражае зьняволеньне тэрмінам ад 8 да 15 гадоў. Міхаіл Марыніч вінаватым сябе не прызнае і абвінавачвае ўлады ў палітычным перасьледзе.

Гл. таксама • Міхаіл Марыніч назваў цынічным працэс, які пачаўся над ім у Менскім раённым судзе, а перад будынкам суду "Зубр" зладзіў акцыю пратэсту • Эўразьвяз: “Марыніча трымаюць у ізалятары паводле палітычна матываваных, як шмат хто мяркуе, абвінавачаньняў” • За пачаткам суду над Міхаілам Марынічам назіралі амбасадары і дыпляматы краінаў Эўразьвязу, ЗША і АБСЭ • Прэзыдэнт Латвіі: “Скрайне сумна назіраць за разьвіцьцём падзеяў у Беларусі” • Амбасада Беларусі ў Рызе абвяргае палітычную прыроду працэсу над Марынічам
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG