Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Менску затрымалі апэратара расейскай тэлекампаніі “Ren TV”


Ганна Соусь, Менск Апэратар расейскай тэлекампаніі “Ren TV” Уладзімер Косьцін і ўласная карэспандэнтка Алена Слаў зьвярнуліся з заявай у міліцыю Савецкага раёну Менску ў сувязі з учорашнім гвалтоўным затрыманьнем Уладзімера Косьціна, у выніку якога была пашкоджана апаратура тэлекампаніі.

Расейская тэлекампанія “Ren TV” зрабіла адмысловую заяву ў сувязі з учорашнім затрыманьнем у Менску тэлеапэратара Ўладзімера Косьціна. Гаворыць прадстаўніца прэсавай службы кампаніі “Ren TV” Натальля Кісялёва.

(Кісялёва: ) “Увечары 22 сьнежня апэратар “Ren TV” Уладзімер Косьцін быў затрыманы супрацоўнікамі міліцыі Савецкага райаддзелу Менску. Інцыдэнт адбыўся падчас інтэрвію зь сябрам арганізацыі “Грамадзянская ініцыятыва” Цімафеем Дранчуком. Некалькі чалавек з гэтай арганізацыі накіраваліся ў якасьці незалежных назіральнікаў на выбары ва Ўкраіну. Міліцыянты патрабавалі неадкладна спыніць здымкі без тлумачэньня прычынаў. Пры затрыманьні была ўжытая грубая сіла. Сам Косьцін не пацярпеў, але апаратура была часткова паламаная. Міліцыянты спрабавалі забраць зьняты матэрыял. Далей Косьціна даставілі ў райаддзел міліцыі Савецкага раёну. На яго пытаньні аб прычынах затрыманьня пэўнага адказу не было. Паводле міліцыянтаў, яго затрымалі дзеля вызначэньня асобы. Варта адзначыць, што Косьцін меў пашпарт”.

Да таго ж, як адзначае прадстаўніца тэлекампаніі “Ren TV” Натальля Кісялёва, міліцыянты спрабавалі правесьці асабісты дагляд і забраць апаратуру без прадастаўленьня адпаведных дакумэнтаў. Урэшце Ўладзімера Косьціна вызвалілі.

Уласная карэспандэнтка тэлекампаніі “Ren TV” Алена Слаў і сам Уладзімер Косьцін зьвярнуліся ў Савецкі райаддзел міліцыі з заявай, у якой запатрабавалі патлумачыць, на якой падставе Ўладзімера Косьціна затрымалі й папрасілі паўторна правесьці экспэртызу пашкоджанай апаратуры.

Як паведаміла ўчора агенцтва “Інтэрфакс” са спасылкай на прэсавую службу Міністэрства ўнутраных справаў Беларусі, Косьцін быў дастаўлены ў міліцыю, паколькі падчас здымак не паказаў міліцыянтам дакумэнтаў. А сёньня прадстаўнік прэсавай службы МУС Генадзь Клепча заявіў Радыё Свабода, што “затрыманьня як такога не было”.

19 кастрычніка апэратар “Ren TV” Уладзімер Косьцін, а таксама апэратар тэлекампаніі НТВ Канстанцін Марозаў пацярпелі ў часе разгону ў Менску беларускай міліцыяй дэманстрацыі пратэсту супраць фальшаваньня вынікаў рэфэрэндуму ў цэнтры Менску. Апэратары здымалі, як у рэстарацыі “Патыё-піца” супрацоўнікі АМОНу зьбівалі лідэра Аб’яднанай грамадзянскай партыі Анатоля Лябедзьку. Расьсьледаваньне гэтай справы дагэтуль не прынесла пэўных вынікаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG