Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Vox Populi: Што думаюць беларусы пра справу Міхаіла Марыніча?


Альгерд Невяроўскі, Менск У дзень, калі ў судзе Менскага раёну пачаўся судовы працэс над Міхаілам Марынічам, наш карэспандэнт пацікавіўся ў людзей на менскіх вуліцах, што яны думаюць пра гэту справу.

(Карэспандэнт: ) “Скажыце, ці чулі вы што-небудзь пра справу Міхаіла Марыніча?”

(Хлопец: ) “Так, пэўна ж”.

(Карэспандэнт: ) “І што вы пра яе думаеце?”

(Хлопец: ) “Я думаю, што ўрэшце мы даможамся таго, чаго хацелі. Мы хочам зьмяніць нашае жыцьцё да лепшага й жыць нашмат лепей”.

(Дзяўчына: ) “Так, але няшмат. Ведаеце, я вельмі спачуваю і няпэўная, што гэты працэс законны. Я падтрымліваю Марыніча”.

(Спадар: ) “Чуў. Злодзей павінен сядзець у турме. А калі ён сумленны чалавек, то суд яго павінен апраўдаць”.

(Спадар: ) “Так, гэта абсалютная фальсыфікацыя. Прыбіраюць у Беларусі лідэраў, каб працягваў існаваньне дыктатарскі рэжым Лукашэнкі”.

(Дзяўчына: ) “Чула, і гэта вельмі дрэнна. Я знаёмая з Марынічам і ня ведаю, чаму яго пасадзілі. Гэта страшэнная краіна”.

(Спадар: ) “Чуў па Радыё Свабода і чытаў. Вельмі дрэнна, калі чалавека трымаюць столькі часу за кратамі й ніякіх канкрэтных доказаў, я так разумею, яго віны няма”.

(Спадар: ) “Чуў пра гэтую справу. Ён незаконна ўтрымліваецца ў турме”.

(Спадар: ) “А што Марыніч? Накраўся”.

(Спадар: ) “Я чуў, але застануся пры сваёй думцы”.

(Спадар: ) “Чуў, але думаю яго ня вызваляць”.

(Спадарыня: ) “Пэўна ж чула”.

(Карэспандэнт: ) “І што вы думаеце пра гэтую справу?”

(Спадарыня: ) “Што я думаю, сфальсыфікаваная справа. Пасадзілі чалавека й нічога не дамогуцца, пасядзіць, можа выпусьцяць. Бяспраўе”.

(Дзяўчына: ) “Чула, што яго арыштавалі, але падрабязнасьцяў ня ведаю”.

(Спадар: ) “Чуў. Яго падставілі, прыбіраюць няўгодных”.

(Спадар: ) “Чуў, думаю, што гэта палітычная замова”.

(Спадар: ) “Думаю, што Міхаіла Марыніча затрымалі незаконна. Чалавек пацярпеў з-за сваіх палітычных поглядаў . Гэтага ў нашай краіне не павінна быць”.

(Спадарыня: ) “Чула й вельмі шкадую, што зь ім так абышліся. Дай Бог, можа нешта зьменіцца. Пакуль у газэтах нічога няма”.
XS
SM
MD
LG