Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Мастацкая выстава памяці ахвяраў Галакосту


Вінцэсь Мудроў, Полацак У Полацку адчынілася мастацкая выстава, прысьвечаная памяці ахвяраў Галакосту. На ёй дэманструюцца жывапісныя і графічныя працы васямнаццаці беларускіх мастакоў.

Выстава зладжаная стараньнямі Культурна-асьветніцкага цэнтру імя Язэпа Драздовіча. У ліпені сёлета цэнтар арганізаваў мастацкі пленэр, на які зьехалася два дзясяткі мастакоў з усяе Беларусі. Творцы наведалі месцы былых гета, месцы масавых расстрэлаў габрэяў, прайшліся вулачкамі Шаркоўшчыны, Лужкоў, Мёраў ды іншых мястэчак, і плёнам гэтых вандровак сталася выстава, якая адчынілася сёньня ў полацкім гарадзкім Цэнтры нацыянальных культураў і рамёстваў.

На выставе (а сярод яе аўтараў такія мастакі як Аляксей Марачкін, Алесь Шатэрнік, Алег Скавародка ды іншыя) дэманструюцца працы, якія мастацкім чынам адлюстроўваюць пакутніцкі шлях беларускіх габрэяў. Пры гэтым, як заўважыў падчас адкрыцьця выставы мастак Уладзімер Шапо, яе мэта — супрацьдзеяць тым, хто й сёньня распальвае жарсьці ксэнафобіі й нянавісьці да людзей іншай расы, веры і проста іншадумцаў.

Вось сказаў нашаму радыё адзін з арганізатараў пленэру, намесьнік старшыні Цэнтру імя Драздовіча Вадзім Баршчэўскі:

(Баршчэўскі: ) “Галоўным вынікам нашага пленэру зьяўляецца тое, што беларускія мастакі крышачку ўвайшлі ў гэтую тэму і зразумелі, што Галакост — ён для ўсіх Галакост, і ён можа быць ня толькі фізычны, але й духоўны”.

Найбліжэйшым часам выстава памяці ахвяраў Галакосту будзе дэманстравацца ў Злучаных Штатах Амэрыкі. Паспрыяе гэтаму адна зь міжнародных габрэйскіх арганізацыяў.
XS
SM
MD
LG