Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Цытаты мінулага – 23 сьнежня


Падрыхтаваў Зьміцер Падбярэскі Беларуская прэса розных гадоў 23 сьнежня.

“Минскія губернскія ведомости”, 1884 год:

“Выйшла па-мастацку размаляваная карціна “Сьвяшчэннае каранаваньне Імпэратара Аляксандра ІІІ і Імпэратрыцы Марыі Феадораўны”. Карціна ўяўляе наступны момант: каранаваньне толькі што адбылося. Гасудар Імпэратар і Гасударыня Імпэратрыца стаяць на тронным узвышшы ў каронах і парфірах. Па прыступках троннага ўзвышша расстаўлены паводле цырыманіялу асобы, якія прысутнічалі пры каранаваньні… Усе твары зьнятыя з партрэтаў. Акварэльны малюнак выканаў вядомы мастак Я.К.Макараў… Кошт выданьня 20 рублёў, зь перасылкай 22 рублі. Той, хто выпісвае проста ад аўтара, за перасылку ня плаціць”.

“Наша ніва”, 1914 год:

“Чуткі аб замірэньні хоць на Каляды засталіся толькі чуткамі. Тэрміновые (срочные) тэлеграмы с тэатру ваенных змаганьнёў паведамляюць, што роўна ў поўнач, калі надыйшло вялікае сьвята Нараджэньня Хрыста (павэдлуг новага стыля), на ўсіх тэатрах ваенных змаганьнёў адбываліся найкрывавейшыя бітвы, цягнуўшыеся усю ноч. Адно толькі мейсцэ, гдзе панавала цішыня — гэта пад Перэмышлем, — тут у гэту ноч замоўкла стрэляніна”.

“Рэспубліцка”, 1994 год. Дзьмітрый Маліноўскі піша:

“З усяго відаць, “даклад Антончыка” яшчэ доўга будзе ўплываць на праграму сэсіі парлямэнту. Вось і ўчора бурную рэакцыю дэпутатаў выклікаў факт выхаду “Советской Белоруссии” зь “белай” плямай. Газэта зьбіралася надрукаваць асноўныя палажэньні даклада Сяргея Антончыка, але ў друкарні кіраўніцтву выданьня патлумачылі, што ёсьць указаньне прыпыняць усялякія спробы любой газэты данесьці да чытачоў выступленьне дэпутата. У кулюарах жа сэсіі казалі пра тое, што нават у часы ЦК КПБ газэты ў падобным выглядзе не выходзілі. Гучалі і больш рэзкія выказваньні: значыць, у дакладзе выкладзена праўда? І Прэзыдэнт не выконвае сваіх перадвыбарных абяцаньняў, што прэса будзе вольная”.
XS
SM
MD
LG