Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дэмакратычныя актывісты Гомелю возьмуць удзел у назіраньні за выбарамі прэзыдэнта Ўкраіны


Казімер Яноўскі, Гомель Шэраг дэмакратычных актывістаў Гомелю накіроўваюцца ва Ўкраіну. Там яны ад імя беларускіх палітычных партыяў будуць назіральнікамі на паўторным галасаваньні другога туру выбараў прэзыдэнта.

Для шэрагу гомельскіх назіральнікаў паездка ва Ўкраіну ня будзе першай. Напачатку сьнежня некаторыя зь іх ужо наведвалі Кіеў, бачылі падзеі на Майдане Незалежнасьці.

Ці можа ўкраінская сытуацыя мець месца ў Беларусі? І чым адрозьніваюцца ўмовы дзейнасьці апазыцыі ва Ўкраіне і Беларусі? Пра гэта пытаюся ў сябра Аб’яднанай грамадзянскай партыі Андрэя Толчына:

(Толчын: ) “Наша апазыцыя больш сталая, таму што ў нас больш жорсткая сытуацыя. Калі параўнаць з Украінаю, то ў іх былі тэлевізійныя каналы, радыё, газэты. У нас больш жорсткае супрацьстаяньне. У нас забараняюць грамадзкую дзейнасьць, людзей выганяюць з працы. Калі ў нас зьбіраюцца людзі дзе-небудзь на пляцы, то адразу выклікаюць АМОН. Ва Ўкраіне не было такога гвалту. Трэба, каб апазыцыя наша рэальна аб’ядналася, каб была воля да гэтага ў Менску ў нашых партыйных лідэраў. Па-другое, тыя, хто працуе ўнізе, павінны шчыра ставіцца і выконваць свае абавязкі. Калі ўзяўся нешта рабіць, ты павінен гэта зрабіць без падману. І яшчэ, каб быў дух перамогі. Калі ён будзе ў нас, тады мы пераможам”, — мяркуе Андрэй Толчын.

Яшчэ адзін назіральнік Арцём Бурыла зьвяртае ўвагу на такую акалічнасьць:

(Бурыла: ) “Тут, у Беларусі, калі я размаўляю зь людзьмі, мяне пытаюць: ну калі вы, апазыцыя, ужо пераможаце? Калі такое будзе, як ва Ўкраіне? Аднак самі людзі дзеля гэтага нічога ня робяць. Баяцца! А там людзі не баяліся. І калі пачаліся падзеі на Майдане, то людзі дапамагалі, хто чым мог. Відаць было, што ўся нацыя згуртавалася. Усе хочуць дапамагчы, каб адбылася гэта перамога. Лёзунг быў “Свободу не зупыніти!” Людзі пераканаліся, што трэба змагацца за свабоду. Яна проста так зь неба ня падае”.
XS
SM
MD
LG